Я уже не помню обстоятельств этой публикации, то есть что и когда побудило меня перевести на белоруский язык свою работу по Крошинским князьям. При желании все тоже самое можно прочитать на русском языке в полном виде тут, а в тезисах - тут. Совсем недавно я передал для публикации в сборнике, посвященном Ю.Г. Алексееву, новую статью, в которой (я надеюсь) на более высоком уровне подхожу к проблеме локализации владений князей Крошинских. По этому поводу, конечно, есть и карта. В будущем размещу на сайте.

Продолжение:

К сожалению, я не могу найти сам сборник, поэтому страницы бумажного издания пока не расставляю.

Цемушаў В.М. Крайнія ўсходнія межы зямель Вялікага княства Літоўскага ў XV ст. : (уладанні князёў Крошынскіх) / В. М. Цемушаў // Працы гістарычнага факультэта БДУ : навуковы зборнік. – Мінск, 2008. – Вып. 3. – С. 60–64.

 

Крайнія ўсходнія межы зямель ВКЛ у XV ст.

(Уладанні князёў Крошынскіх)

В.М. Цемушаў,

старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі

 

Усходняя граніца ВКЛ на вяземскім напрамку паміж 1403 - 80-мі гадамі XV ст. з'яўлялася найбольш устойлівым адрэзкам літоўска-маскоўскай граніцы. Верагодна, менавіта ў гэтым прычына таго, што нейкім чынам лакалізаваць акрэслены ўчастак граніцы амаль немагчыма. Канфлікты, якія здараліся на літоўска-маскоўскім памежжы (1406, 1408, 1445 гг.) хаця і тычыліся Вязьмы альбо Мажайска, але не высвятлялі граніцы паміж імі.

Успаміны аб былой прыналежнасці Мажайска Смаленскай зямлі, з аднаго боку, падначаленасці Смаленска Вялікаму княству Уладзімірскаму, з другога боку, з'яўляліся крыніцай прэтэнзій як ВКЛ, так і Вялікага княства Маскоўскага на суседнія землі[1]. У 1486/87 пачалася першая, так званая "памежная", вайна паміж дзвюма вялікімі дзяржавамі, на той час аб'яднаўшымі пад сваёй уладай усе ўсходнеславянскія зямлі. Пачыналася барацьба за перадзел сферы ўплыву, аснова якой была закладзена дамовай аб "вечным" міры 1449 г. Аднымі з першых маскоўскую руку адчулі на сабе вяземскія князі.

Характэрна, што згаданая дамова 1449 г. падрабязна акрэслівала спрэчныя літоўска-маскоўскія адрэзкі мяжы (напрыклад, на ржэўска-таропецкім напрамку); вызначала ўладароў нават самых дробязных уладанняў, якія адыходзілі ў літоўскі ці маскоўскі бакі; пералічвала рэгіёны, на якія распаўсюджвалася ўлада або ўплыў літоўскага альбо маскоўскага вялікіх князёў, але шматлікіх вяземскіх князёў, нават саму Вязьму, не ўпамінала. Безумоўна, Вязьма і вяземскія землеўладальнікі хаваліся пад формулай "ни у Смоленъскъ, ни во вси Смоленские места, што издавна к Смоленъску потягло... не въступатисе"[2], і ігнараванне усходняй ускраіны Смаленскай зямлі сведчыць аб стабільным характары яе граніцы з маскоўскімі ўладаннямі. Аднак, мы зноў жа не маем магчымасці даведацца аб працягласці крайняй усходняй мяжы ВКЛ. Такую магчымасць мы не можам атрымаць і разглядаючы наступную літоўска-маскоўскую дамову, таксама аб "вечным" міры ("перемирье вечное"), 1494 г. У выніку літоўска-маскоўскай вайны, Вяземскае княства поўнасцю было далучана да Масквы, але маштаб далучанай тэрыторыі, яе працягласць, межы ў грамаце не акрэсліваліся. Пэўна, масіў Вяземскага княства цалкам без выключэнняў адышоў да Масквы, таму вылучэнне яго тэрыторыі не было патрэбна, але у сувязі з гэтым мы, верагодна, губляем апошнюю магчымасць вызначыць першапачатковую літоўска-маскоўскую граніцу, адрэзак якой на вяземска-мажайскім напрамку ў свой час стаў адной з першых кропак прамога сутыкнення дзвюх дзяржаў - збіральніц рускіх зямель.

Рэканструкцыя літоўска-маскоўкай мяжы на вяземскім напрамку становіцца магчымай дзякуючы лакалізацыі ўладанняў шматлікіх вяземскіх князёў (уласна Вяземскія, Бываліцкія, Казлоўскія, Жылінскія, Глінскія, Крошынскія).

Існуе меркаванне, што пасля далучэння Вяземскага княства да ВКЛ (1403 г.) уладанні мясцовых князёў засталіся ў недатыкальнасці[3]. Аднак, вялікакняская ўлада ўсё ж такі ўмешвалася ў пазямельныя справы вяземскіх князёў, таму, напрыклад, сярод вяземскіх землеўладальнікаў мы сустракаем пана Івана Хадкевіча, якому належала хлепеньская воласць Рагачоў[4]. Гедымінавічамі, напэўна, былі князі Крошынскія, якіх выводзяць ад князя Івана сына Вайдата Кейстутавіча[5]. Таксама князі Глінскія, верагодна, не былі мясцовага паходжання.

Можна загадзя заўважыць, што наданне вяземскіх зямель прышлым людзям рабілася велікакняжацкай уладай мэтанакіравана з думкай забяспечыць абарону крайніх усходніх уладанняў дзяржавы. Таму мы і бачым вотчыну пана Івана Хадкевіча (воласць Рагачоў - крайні паўночны ўсход Вяземскай зямлі)[6] на самой мяжы з маскоўскай Ржэўскай і Цвярской землямі, у кантакце з землямі ненадзейных Фамінска-Беразуйскіх князёў. Князі Глінскія пры гэтым валодалі вотчынамі ў супрацьлеглай частцы Вяземшчыны - на крайнім паўднёвым усходзе (воласці Тур'е[7] Судзілаў[8], Шацельшча[9]). Гэтыя іх воласці размяшчаліся кампактна ў вярхоўях р. Воры. Яшчэ далей, глыбока ўрэзаўшыся ў  маскоўскія ўладанні знаходзілася воласць Глінеск (па праваму берагу р. Бярэгі да ўпадзення яе ў Протву)[10].

Таксама, як і пазначаных асоб, вызначаецца месцазнаходжанне вотчын князёў Вяземскіх, Бываліцкіх, Казлоўскіх, Жылінскіх. Амаль усе іх уладанні (за выключэннем валасцей Магіленкі, Негодын і Міцэнкі старэйшага вяземскага князя Міхаіла Дзмітрыевіча) знаходзіліся ў глыбіні Вяземскага княства. Такім чынам, зноў мы сустракаемся немагчымасцю вызначыць найбольшую частку ўсходняй вяземскай мяжы.

Тут трэба заўважыць, што і з маскоўскага боку таксама геаграфічных арыентыраў амаль няма. Традыцыйна лічылася, што літоўска-маскоўская мяжа ў вяземскім рэгіёне праходзіла па рацэ Гжаць і яе прытоку Яўзе, да якіх, нібыта дакраналіся мажайскія воласці Балонеск (вакол басейна прытока Гжаці рэчкі Абалонкі), Загор'е і Чагошч. Але лакалізацыі гэтых валасцей зроблены на вельмі зыбкім падмурку. Справа ў тым, што менавіта разглядаемы намі рэгіён амаль пазбаўлены вылучаючых яго крыніц. Прычына таму - разбурэнне Смутнага часу, калі вялікая колькасць населеных пунктаў знікла з твару зямлі. Такім чынам вельмі зручны метад гістарычнай геаграфіі - рэтраспекцыя губляе сваё значэнне ў  дачыненні да вяземска-мажайскага памежжа. Частка мажайскіх валасцей згадваецца у духоўных граматах Дзмітрыя Данскога, Івана III (разам з далучанымі да іх ліку вяземскімі), Івана IV і інш., але пісцовыя апісанні заходняй часткі Мажайскага павету XVI ст. не захаваліся, а у XVII ст. ужо не было чаго апісваць. Межавая кнігі пачатку XVI ст. таксама абходзяць бокам цікавы нам рэгіён.

Менавіта тут настаў час звярнуцца да свядома прапушчаных намі вяземскіх землеўладальнікаў князёў Крошынскіх. Іх лёс яскрава адлюстроўвае падзеі пачатку літоўска-маскоўскага супрацьстаяння, калі мноства памежных уладароў былі пазбаўлены сваіх уладанняў і адмецены ў глыбіню ВКЛ. Назіранне за постацямі князёў Крошынскіх у гэтым выпадку можа служыць прыкладам.

Крошынскія князі вельмі хутка пазбавіліся сваіх уладанняў у самым пачатку літоўска-маскоўскай вайны 1486/87-1494 гг. У крыніцах прама не гаворыцца, з якога канкрэтна бока адбыўся гэты захоп. Але, відавочна, Васіль Далматаў (дз'як вялікага князя маскоўскага), які трымаў воласці Крошынскіх Цешынавічы (Цешынаў), Сукромна (Сукрома), Альховец (Алховец), Надслаў, Ад'ездзец (Ад'езд), Лелу[11], дзейнічаў па загаду ўдзельнага маскоўскага князя Андрэя Васільевіча Мажайскага. «С Тишиновши» (Цешынавічаў) князь Андрэй адпраўляў свайго ціўна дворскага на хлепеньскую воласць Ждат[12].

Наогул, на першым этапе вайны (1486/87-1492 гг.) велікакняжацкая цэнтральная ўлада абодвух бакоў адкрыта не ўмешвалася ў ход баявых дзеянняў. Менавіта гэты перыяд можа быць ахарактарызаваны як "дзіўная" або "хітрая" вайна. Характэрным было аказанне ціску на памежных князёў (звычайна сваіх сваякоў) і заняцце блізкіх да граніцы зямель. Бясконцыя пагромы, рабункі, увод у палон насельніцтва, захопы цалкам валасцей стваралі атмасферу безвыходнасці сітуацыі, у той час як вялікі князь літоўскі нічым не мог дапамагчы сваім падданым[13]. Аднак, ня гледзячы на гэта, падаўляючая большасць вяземскіх князёў засталася вернай свайму гаспадару. Вядомы толькі адзін выпадак, калі вяземскі князь Андрэй Юр'евіч, ва ўладанні якога знаходзілася толькі адно сяло на Дняпры, двары і людзі ў Вязьме, перайшоў на бок Масквы[14].

Таксама і князі Крошынскія, пазбавіўшыся сваіх уладанняў, не пакінулі службы вялікаму князю літоўскаму. Неўзабаве яны атрымалі новыя ўладанні і таксама каля граніцы (у раёне ракі Угры): Залаконне, Волста [Ніжняя], Клыпіна, Нездзілава, Чарпа, Галовічы[15]. Аднак ужо ў 1494 г. пералічаныя воласці фігуруюць у складзе ўладанняў Сямёна Фёдаравіча Варатынскага - перабежчыка на маскоўскі бок (у 1492 г.)[16]. Праўда, маскоўскія баяры саступілі пералічаныя воласці[17] і да наступнай літоўска-маскоўскай вайны 1500-1503 гг. яны знаходзіліся па-ранейшаму ў межах ВКЛ. І вось пасля 1500 г. Крошынскія зноў губляюць свае ўладанні. Пазбавіўшыся зямельных уладанняў, князі Крошынскія набываюць у Смаленску выгадную пасаду скарбніка (Канстанцін Фёдаравіч - у 1506 г., Цімафей Філіпавіч - у 1507-1508 гг.). Князь Цімафей Філіпавіч быў здольным за ўласныя грошы набываць уладанні (у 1507 г. адбылося пацверджанне куплю ім у смаленскай баярыні Арыны «делницы села ее отчизного»[18]). Характэрна, што князь Канстанцін Фёдаравіч Крошынскі атрымаў двор Дубна ў Гародзенскім павеце «до очишченья отчизны его в Смоленску»[19]. Па тэксту пацверджання на двор Дубна даведваемся, што ў князя Крошынскага «именеица его остали ся вбогие около Смоленска, ино тые именеица от неприятеля жо на корень скаженны»[20].

Такім чынам, князі Крошынскія, нягледзячы на выпрабаванні лёсу, заставаліся аднымі з самых надзейных для вялікага князя літоўскага падданымі. Яны фігуруюць у Попісах войска ВКЛ і не вядома ніводнага выпадку іх перахода на маскоўскі бок.

Пэўны час князі Крошынскія не пакідалі надзеі вярнуць свае былыя ўладанні. Вядома справа князёў Крошынскіх (разглядалася ў 1494 г.), у якой выказваецца скарга на маскоўскі захоп "вотчыны і дзедзіны" вяземскіх землеўладальнікаў і заяўляецца, што "то отчина и дедина от великого князя Витовта, деди и отци их дръжали, и они породилися на той своей отчине"[21].

Спроба вызначыць месцазнаходжанне першапачатковых ўладанняў князёў Крошынскіх да сёняшняга дня не рабілася. Толькі М.К. Любаўскі няўпэўнена зазначыў, што яны ляжалі па суседству з мажайскімі[22]. Такая выснова абапіралася на веданне пасольскіх прамоў, у якіх маскоўскі бок заяўляў, што "ино те места, сказывают, издавна тянут к Можайску к нашему великому княжству Московскому" (меліся на ўвазе воласці Крошынскіх)[23]. Некаторыя вяземскія воласці, сапраўды, з'явіліся ў складзе мажайскіх (яны паўстаюць у духоўнай грамаце Івана III 1503 г.[24]), але лёс валасцей Крошынскіх некаторы час невядомы. Толькі з граматы 1530 г. мы даведваемся аб існаванні Сукроменскага стану ў складзе Старыцкага павета, холмскіх валасцях Стары і Новы Ад'езд[25]. Пазней стан Отвоцкі і Сукроменскі з'яўляецца і ў Мажайскім павеце. Верагодна, некалі Сукромна была падзелена надвае паміж двума паветамі Старыцкім і Мажайскім.

Сярод мажайскіх вядомы таксама стан Цешынаў і Загор'е[26]. Такім чынам у адзін стан былі аб'яднаны маскоўская воласць, вядомая з часоў Дзмітрыя Данского (згадваецца у духоўнай грамаце гэтага князя)[27][28]. і воласць князёў Крошынскіх. Нягледзячы на тое, што нейкім чынам развесці дзве часткі пазнейшага мажайскага стану немагчыма, тым больш, што пасля Смутнага часу нават і аб'яднаны стан лакалізаваць складана, мы ўсё ж такі можам зрабіць выснову аб працягласці ўладанняў ВКЛ за раку Гжаць, да якой нібыта даходзілі землі стана

На поўнач ад Сукромны знаходзіўся мажайскі стан Оленскі. Ён таксама быў спустошаны ў перыяд Смутнага часу, але няўпэўненая яго лакалізацыя паміж вярхоўямі рэк Масквы і Яўзы[29], дае падставу для далейшых пошукаў на карце. Недалёка ад вусця Яўзы знаходзім яе прыток Алелю, вакол якой, відавочна і размяшчаўся Аленскі стан. Сугучнасць назвы дазваляе атаясаміць гэты стан з воласцю князёў Крошынскіх Лелай праз наступны ланцужок Аленскі-Алеля-Лела.

Вышэй, на поўдзень, знаходзілася ужо вядомая нам воласць Сукромня, якая размяшчалася па абодвух баках рэчкі Яўзы (што, верагодна, і з'явілася падставай падзяліць яе на дзве часткі). Асноўны масіў воласці, пэўна, займаў цячэнне р. Сукромлі, ад якой і атрымаў назву.

Астатнія воласці Крошынскіх (Альховец, Надслаў, Ад'езд), на жаль не паддаюцца лакалізацыі. Трэба толькі яшчэ адзначыць, што Ад'езд, верагодна, зліўся з Холмскім паветам, які быў пераўтвораны ў воласць Старыцкага павета. Воласць Холм падыходзіла да сярэдняга цячэння р. Яўзы.

Напрыканцы трэба агульна вызначыць месцазнаходжанне масіву ўладанняў князёў Крошынскіх і зрабіць спробу акрэсліць іх крайнюю ўсходнюю мяжу. Воласці Крошынскіх займалі прастору на ўсход ад р. Гжаці (прыток Вазузы) па абодвум бакам р. Яўзы (прыток Гжаці). Праз сярэдняе цячэнне Яўзы паралельна Гжаці праходзіла старажытная літоўска-маскоўская мяжа, дакладнае выяўленне якой немагчыма з-за недастатковасці крыніц. Такім чынам уладанні князёў Крошынскіх удаваліся клінам у маскоўскія землі, і іх стан быў нетрывалым, што і пацвердзілася ў самым пачатку літоўска-маскоўскай канфрантацыі канца XV ст.


[1] Флоря Б.Н. Борьба московских князей за смоленские и черниговские земли во второй половине XIV в. // Проблемы исторической географии России. вып. 1. Формирование государственной территории России. М., 1982. С. 63, 64-65.

[2] Духовные и договорные грамоты великих и удельных князей XIV - XVI вв. М.; Л., 1950. (Далей - ДДГ).  № 53. С. 160.

[3] Кром М.М. Меж Русью и Литвой. Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV - первой трети XVI в. М., 1995. С. 53-54.

[4] Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-литовским. Т. 1. (С 1487 по 1533 г.) // Сборник Императорского Русского Исторического Общества. Т. 35. СПб., 1882.С. 72.

[5] Wolff J. Kniaziowie Litewsko-Ruscy od koсca czternastego wieku. Krakуw, 1895. [Warszawa, 1994]. S. 190-193.

[6] Ня трэба блытаць хлепеньскі Рагачоў з аднайменным беларускім горадам, як гэта рабілася ў XIX ст. (Дембовецкий А.С. Опыт описания Могилевской губернии. Кн. 2. Могилев, 1884. С. 94).

[7] Тур'еў духоўнай Івана III; знаходзіўся, верагодна, у раёне рэчкі Турэі (на яго ў 1488 г. напалі людзі удзельнага мажайскаго князя Андрэя Васільевіча).

[8] Сулідаў духоўнай Івана III; атаясамліваецца з сучасным Судзімавам.

[9] Шацеш у духоўнай Івана III; сучасная Шацеша на р. Воре. Любавский М.К. Указ. сач. С. 283; ДДГ. № 89. С. 355.

[10] Готье Ю.В Замосковный край в XVII веке. Опыт исследования по истории экономического быта Московской Руси. М., 1937. С. 553. У свой час М.К. Любаўскі паблытаў гэту воласць з Вышнім Глінскім у вярхоўях р. Масквы і заявіў, што менавіта тут знаходзілася «имение многочисленного рода князей Глинских». Любавский М.К.

[10] Шацеш у духоўнай Івана III; сучасная Шацеша на р. Воре. Любавский М.К. Указ. сач. С. 284.

[11] Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-литовским. Т. 1. (С 1487 по 1533 г.) // Сборник Императорского Русского Исторического Общества. Т. 35. СПб., 1882.С. 3, 74.

[12] Там жа.С. 2.

[13] Другі этап вайны (1492-1494 гг.) напоўнены дзеяннямі маскоўскіх ваявод і служылых князёў і мае зусім іншы характар. Удары наносяцца па ключавым цэнтрам літоўскай улады, захопліваюцца асноўныя гарады рэгіёну (Вязьма, Мезецк, Масальск, Сярпейск).

[14] Lietuvos Metrica - Lithuanian Metrica - Литовская Метрика. V., 1994. Kn. 5: (1427-1506). P. 67; Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-литовским. Т. 1. С. 81.

[15] Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-литовским. Т. 1. С. 118-119, 136.

[16] Там жа. С. 136.

[17] Там жа. С. 120.

[18] Lietuvos Metrica = Lithuanian Metrica = Литовская Метрика. V., 1994. Kn. 8: (1499-1514). P. 229.

[19] Там жа. P. 168.

[20] Там жа.

[21] Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-литовским. Т. 1. С. 74.

[22] Любавский М.К. Указ. сач. С. 284.

[23] Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-литовским. Т. 1. С. 6.

[24] Напрыклад Магілен, Мічэнкі, Сулідаў, Арэхаўна, Чагошч і інш. ДДГ. № 96. С. 397-398.

[25] ДДГ. № 102. С. 421.

[26] Готье Ю.В. Указ. сач. С. 574.

[27] ДДГ. № 12. С. 34.

[28] Готье Ю.В. Указ. сач. С. 574.

[29] Там жа.



Сайт Виктора Темушева.

Поиск

Облако тегов

беларусь велиж «великое княжество московское» «великое княжество тверское» «верхнеокские княжества» «верховские княжества» витовт вкл воротынск «восточная европа» «вяземское княжество» вязьма «вялікі гістарычны атлас беларусі» граница границы «грюнвальдская битва» дмитровец «древняя русь» «золотая орда» «историческая география» карты крайшино «кричевский повет» «куликовская битва» «литовско-московская граница» «литовско-тверская граница» любутск «московско-литовская война» «московско-литовская граница» «московско-литовские войны» «московское княжество» «мстиславское княжество» ольгерд опаков «османская империя» «пограничная война» «полоцкое воеводство» «полоцкое княжество» поугорье «речь посполитая» «ржевская земля» «рославльский уезд» россия русь «северо-восточная русь» «северская земля» славяне спиридонов «средние века» ягайло