В каком-то смысле текстовой иллюстрацией карт московско-литовской границы является представленная ниже статья. Она написана давно, первоначально на русском языке, но потом была переведена, дополнена, серьезно отредактирована, так что для следующего, русскоязычного издания пришлось делать перевод с белорусского варианта. Статья несовершенна, с приоритетом описания отдельных участков границ не за все рассматриваемое время, но, тем не менее, в ней изложены некоторые идеи, которых я придарживаюсь и развиваю до сих пор.

Продолжение:

Цемушаў В.М. Літоўска-маскоўская граніца ў другой палове XV - пачатку XVI ст. // Ягелоны: дынастыя, эпоха, спадчына : матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф. (Гальшаны-Навагрудак, 8-10 верас. 2006 г.) / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; рэд. кал.: А.А. Каваленя (адказ. рэд.) [і інш.]. - Мінск: Беларус. навука, 2007. - С. 325-340.

(С. 325) Літоўска-маскоўская граніца

ў другой палове XV - пачатку XVI ст.

В.М. Цемушаў

 

Нягледзячы на існаванне ўжо з пачатку XV ст. (дакладней з часу паміж 1403-1408 гг., калі да ВКЛ былі далучаны Вяземскае, Смаленскае і Верхняокскія княствы) літоўска-маскоўскай граніцы, разважаць аб яе працягласці дазваляюць крыніцы толькі з другой паловы пазначанага стагоддзя.

(С. 326) У другой палове XIV ст. пры Альгердзе і Ягайле быў складзены шэраг з Дзмітрыем Маскоўскім і Уладзімірам Серпухоўскім[1], але тады яшчэ не існавала агульнай працяглай літоўска-маскоўскай граніцы. Літоўскія ўладанні толькі пачыналі дакранацца да маскоўскіх. У той час інтарэсы абодвух бакоў перасякаліся ў Ржэўскай зямлі і на пэўных тэрыторыях ў раёне верхняй Акі (Серанск - сумеснае літоўска-маскоўскае ўладанне, Любуцк і Казельск - кароткатэрміновыя маскоўскія трыманні). З летапісаў вядома аб існаванні дагавора паміж Вітаўтам і Васілём I 1408 г.[2] Змест яго нявысветлены, але склалася памылковая ўпэўненасць, якая ішла, відавочна, ад Н.М. Карамзіна, аб праходжанні з таго часу літоўска-маскоўскай граніцы ўздоўж р. Угры[3]. На самой справе, нічога не сведчыць аб тэрытарыяльным размеркаванні паміж Масквой і Вільняй у пачатку XV ст., тым больш, што нават у другой палове XV ст. маскоўскія ўладанні займалі толькі нізоўя р. Угры.

З другой паловы XV ст. вядомы два літоўска-маскоўскіх дагаворы, якія, на думку даследчыкаў, павінны былі б вызначыць пагранічную лінію паміж двума буйнейшымі дзяржавамі Усходняй Еўропы. Але, на жаль, за малым выключэннем, сведчанні аб літоўска-маскоўскім памежжы, як у пагадненні ад 31 жніўня 1449 г., так і ў грамаце ад 5 лютага 1494 г. практычна адсутнічаюць. У свой час дадзеная акалічнасць з'явілася падставай для адмаўлення ад рэканструкцыі літоўска-маскоўскай граніцы другой паловы XV ст. Так, Н.Б. Шэламанава ў прадмове да сваёй дысертацыі, якая была прысвечана даследаванню тэрыторыі заходняй часткі Расіі ў XVI ст., пісала: «Безусловно, отправной датой исследования следовало бы взять 1494 г. - год первого договора (С. 327) единого Российского государства с Литвой - «вечного мира» 1494 г. Однако, источники не позволяют в настоящее время с необходимой точностью установить территорию западных российских областей в конце XV в. Но достаточно определенной западная граница России вырисовывается уже для начала XVI в. - по перемирию 1503 г.»[4]. Таксама іншыя даследчыкі  тэрыторыі і граніц Вялікага княства Літоўскага другой паловы XV ст. (на гэта звярнула ўвагу Н.Б. Шэламанава) ня здолелі пазначыць яго ўсходнія межы больш ці менш дакладна[5]. М.К. Любаўскі наогул не адлюстраваў літоўска-маскоўскую граніцу сярэдзіны і канца XV ст. на сваёй карце да працы аб тэрытарыяльным уладкаванні і кіраванні ВКЛ[6], Я. Натансон-Лескі - польскі даследчык літоўска-маскоўскай граніцы - лічыў, што "у цяперашні час цяжка дакладна размежаваць яе на карце"[7].

Такім чынам ужо некалькі пакаленняў гісторыкаў лічылі невырашальнай праблему рэканструкцыі літоўска-маскоўскай граніцы другой паловы XV ст. Аднак для даследчыкаў, якія спрабавалі акрэсліць патрэбную граніцу, быў характэрны адзіны падыход - імкненне знайсці ўсе неабходныя дадзеныя ў тэксце саміх дагавораў. Але пазначаныя дакументы ў гэтым плане з'яўляліся малакарыснымі. У іх, за малым выключэннем, не знайсці неабходных арыентыраў для дакладнага фіксавання лініі літоўска-маскоўскай граніцы. Адсутнасць падрабязнай інфармацыі служыла падставай для адмаўлення ад далейшага даследавання.

Чым жа была выклікана цалкам, на першы погляд, неабгрунтаваная маўклівасць дакументаў, з якіх упершыню (С. 328) можна даведацца аб існаванні літоўска-маскоўскай граніцы? Звычайна міждзяржаўныя пагадненні багаты геаграфічнай інфармацыяй, бо ў адносінах паміж двума дагаворнымі бакамі, безумоўна, патрабавалася дакладнасць у вызначэнні агульнай граніцы. Няпэўнасць, двухсэнсавасць таго ці іншага пункту дагавору магла стварыць у далейшым падставы да тэрытарыяльных прэтэнзій, прывесці да захопаў, канфрантацыі і, нарэшце, вайны. У гэтай сувязі змест абодвух дагавораў (1449 і 1494 гг.) можа выклікаць здзіўленне. Так, напрыклад, далучэнне да Масквы ў 1494 г. са складу ВКЛ Вяземскага княства павінна было суправаджацца дакладным вызначэннем складу валасцей апошняга, пералікам вяземскіх князёў, якія перайшлі разам са сваімі вотчынамі на бок Масквы і г.д. Але гэтага мы не назіраем. Фармуліроўка граматы "Так же мне, великому кн(я)зю Алеександру, не вступатис(я) в тебе i в твоих детеи у вашу отчину, в город у Вязму, i в городы, i в волости, во вси земли i воды Вяземские, что к Вязме потягло, ни кн(я)зеи мне вяземских к себе не приимати"[8] выглядае надзвычай недастатковай. Гэта моцна кантрастуе з вышэй прыведзенай ў дакуменце дэлімітацыяй участка ржэўскай граніцы[9].

Але так толькі на першы погляд. Крайняя беднасць асноўнай крыніцы па вывучэнню літоўска-маскоўскай граніцы другой паловы XV ст. у некаторых выпадках была цалкам абгрунтаванай і сведчыла аб адсутнасці неабходнасці ў пазначэнні дакладнай працягласці той ці іншай тэрыторыі, якая далучалася да Масквы, або заставалася за Вільняй. У выпадку з Вязьмай усё тлумачыцца проста: увесь масіў Вяземскага княства, цалкам, без выключэнняў адышоў да Масквы. Гэты факт, дарэчы, пацвярджаецца ў пасольскіх прамовах такой фразай маскоўскіх баяр, якія звярталіся да літоўскіх паслоў: «ино Вязме всей пригож быти за нашим государем»[10]. Відавочна, што азначэнне ў дагаворы вяземскай тэрыторыі было залішнім.

(С. 329) Значыць, калі ёсць перакананасць у пэўнай кампактнасці далучанай да Масквы тэрыторыі, мы можам прыцягнуць для вывучэння літоўска-маскоўскай граніцы значна большую колькасць крыніц, чым толькі дзве дагаворныя граматы. Мэтай становіцца вызначэнне тэрыторыі і граніц асобных тэрытарыяльных фарміраванняў у складзе ВКЛ ці Вялікага княства Маскоўскага. Такім чынам, магчымасці рэканструкцыі літоўска-маскоўскай граніцы другой паловы XV ст. значна пашыраюцца.

Акрамя таго, памятаючы аб цэласнасці маскоўскіх тэрытарыяльных набыткаў, па грамаце 1494 г. мы можам разважаць не толькі аб граніцы, якая была ўсталявана падчас заключэння дагавора, але і аб ёй жа на час, ранейшы за гэты момант. Трэба толькі адняць ад маскоўскіх уладанняў яе новыя набыткі. Такім чынам, напрыклад, вызначэнне заходніх і ўсходніх граніц аднаго Вяземскага княства дазваляе прасачыць літоўска-маскоўскую граніцу на некаторай адлегласці да і пасля 1494 г. Аднак трэба цвёрда ведаць аб тым, якія тэрыторыі ў пэўны час належалі Маскве, а якія з'яўляліся новымі набыткамі, таму што ў тэксце дагавора 1494 г. ідзе безупынны пералік ўладанняў, прызнаных маскоўскімі.

Няведанне геаграфіі рэгіёну можа таксама прывесці да памылковых высноў, напрыклад, даволі лёгка можна атаясаміць такія разанскія населеныя пункты граматы 1494 г., як "Рославль" і "Мстиславль" с гарадамі з адпаведнымі назвамі ў глыбіні ВКЛ.

Вернемся да дагавору 1449 г. Першым дагаворам, які вызначыў існаванне літоўска-маскоўскай граніцы і сферы ўплыву ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне дзвюх буйнейшых дзяржаў, было "перамір'е вечнае" ад 31 жніўня 1449 г., якое было заключана паміж вялікім князем літоўскім і каралём польскім Казімірам Ягайлавічам і вялікім князем маскоўскім Васілём II Васільевічам[11]. Абодва Вялікіх княства (Літоўскае і Маскоўскае) толькі-толькі пазбавіліся ад унутраных непарадкаў, сцвердзілі адзінадзяржаўе і пачалі замацоў(С. 330)ваць свае становішча на міжнароднай арэне. Безумоўна, адным з галоўных мерапрыемстваў дзвюх дзяржаў стала ўстанаўленне супольнай (агульнай) граніцы, з адначасовай спробай вызначэння залежных тэрыторый.

Дагавор 1449 г. можна ацэньваць як рубеж, пасля якога экспансія ВКЛ на ўсходнеславянскія землі спынілася. Аднак значэнне дагавора глыбей. У ім дэкларавалася размеркаванне сфер уплыву паміж двума буйнейшымі дзяржавамі Усходняй Еўропы. Набліжалася завяршэнне працэсу аб'яднання рускіх зямель двума цэнтрамі. У поўнай меры два лідэры вырашалі лёс яшчэ не далучаных да іх уладанняў незалежных дзяржаў, якім было наканавана стаць здабычай больш моцных суседзяў.

У 1449 г. надыходзіў пэўны пералом у адносінах паміж двума буйнейшымі дзяржавамі Усходняй Еўропы, калі імкненне да далейшага павелічэння тэрыторыі на захад (для Вялікага княства Маскоўскага) і ўсход (для ВКЛ) непазбежна вяло да ваеннага канфлікту. Да канца XV ст. поўнамаштабных войнаў паміж ВКЛ і Вялікім княствам Маскоўскім, па сутнасці, не вялося. Лакальныя сутыкненні тэрытарыяльных інтарэсаў (з-за Ржэўскай зямлі, верхняокскіх зямель і інш.), натуральна, узнікалі. Існавалі і пэўныя, абгрунтаваныя традыцыяй, прэтэнзіі на некаторыя рускія княствы і землі. Аднак доўгі час паміж Масквой і Вільняй існаваў значны буфер яшчэ не размеркаваных тэрыторый, потым у адносінах паміж імі панавала імкненне да саюзу перад тварам агульнага ворага - Арды. Саюзныя адносіны былі змацаваны дынастычнымі шлюбамі. Нейкі час Вялікае княства Маскоўскае знаходзілася ў плыні палітыкі вялікага князя літоўскага Вітаўта. Менавіта тады Масква здала свае пазіцыі у Смаленску. Вязьме, Верхняокскіх княствах, фактычна не ўмешвалася ў дзеянні войскаў ВКЛ супраць Ноўгарада і Пскова. Нарэшце, у другой чвэрці XV ст. увага абодвух дзяржаў была адцягнута на ўнутраныя праблемы. І вось, у 1449 г. адбыліся сур'ёзныя змены палітычнай сітуацыі ва Усходняй Еўропе. Дзве буйнейшых дзяржавы (С. 331) ўладкавалі свае адносіны і размеркавалі сферы панавання. У далейшым, як выявілася, далёка не ўсе ўмовы "вечнага" міру выконваліся, перш за ўсё, маскоўскім бокам. Звязана гэта са шматлікімі прычынамі, галоўная з каторых - недастатковая ўвага цэнтральнай улады ВКЛ да сваіх усходніх межаў, занядбанне Казімірам IV інтарэсаў ВКЛ.

Размеркаванне зон літоўскага і маскоўскага ўплыву ва Усходняй Еўропе, ў нейкім сэнсе, спыніла і завяршыла працэс  аб'яднання рускіх зямель Вільняй і Масквой. Па сутнасці, дагавор 1449 г., напэўна, не выклікаў істотных змен літоўска-маскоўскай граніцы, ён толькі акрэсліў мяжу, якая існавала дагэтуль. Дакладна апісваўся толькі невялічкі нявызначаны на той момант участак Ржэўскай зямлі.

Неабходнасць цвёрдага вызначэння межаў Ржэўскай землі стала актуальнай, відавочна, толькі ў сярэдзіне XV ст. Да гэтага часу Ржэва часта пераходзіла з рук у рукі паміж Масквой, Вільняй і Цверру[12]. Акрамя таго, унутраныя непарадкі ў Вялікіх княствах Літоўскім і Маскоўскім у другой чвэрці XV ст. доўга не дазвалялі звярнуць увагу на магчымыя пагранічныя пытанні. Няўпэўненасць валодання Ржэвай не садзейнічала імкненню да клопату аб яе тэрытарыяльным уладкаванні і граніцах.

Як высвятляецца, для рэканструкцыі ўсяго ржэўскага ўчастку літоўска-маскоўскай граніцы фрагмент граматы 1449 г., паўтораны ў 1494 г., з'яўляецца недастатковым. Пачатковы і канечны адрэзкі гэтай граніцы адсутнічаюць. Іх дапамагаюць ўдасканаліць, быццам бы, другарадныя дадзеныя з пасольскіх прамоў князя Цімафея Уладзіміравіча Масальскага (падрабязнае апісанне захопленай уселукскім намеснікам часткі суседняй таропецкай воласці Буец)[13], развад(С. 332)ной граматы вялікага князя Івана III удзельнаму волацкаму князю Барысу Васільевічу (пазначэнне рубяжа ржэўскай воласці Уселук з наўгародскай воласцю Лапасціца)[14]. Такім чынам, вызначаецца месца стыку літоўскай, маскоўскай і наўгародскай граніц на паўночным захадзе маскоўскіх уладанняў, даказваецца адасобленасць (да 1478 г.) Ржэўскай зямлі ад асноўнай тэрыторыі Вялікага княства Маскоўскага, выяўляецца спецыфіка ржэўскай граніцы, якая праходзіла па забалочанай і лясістай мясцовасці, з прычыны чаго нават у актах акрэсліваецца толькі ўмоўна.

Верагодна, да 1449 г. заходняя ржэўская граніца не была ўсталявана на ўзроўні міждзяржаўных дамоўленасцяў. Тым не менш, ужо да сярэдзіны XV ст. склаліся "старыя рубяжы" Ржэўскай зямлі. Відавочна, афіцыйнае размежаванне грунтавалася на традыцыйна існаваўшых ўяўленнях аб межах валасцей Таропецкага павету, Бельскага княства з аднаго боку і Ржэўскай зямлі (уезда) - з іншага боку. Па гэтаму, з некаторымі агаворкамі пазначаную на другую палову XV ст. граніцу можна перанесці і на больш ранні час. Спецыфікай ржэўскай граніцы заставалася яе неакрэсленасць з прычыны асаблівых умоў мясцовасці, якая не дазваляла дакладна размежаваць незасвоеныя і нікім не занятыя землі.

Літоўска-маскоўская граніца да 1494 г. атрымала змены толькі ў двух напрамках: у выніку далучэння да Масквы Вяземскага княства і з прычыны пераходу на маскоўскую службу са сваімі вотчынамі шэрагу так званых "вярхоўскіх" князёў (Новасільскія, Адоеўскія і Варатынскія, Перамышльскія, Бялёўскія, частка Мезецкіх). Больш тэрытарыяльных зменаў не адбылося, аднак таксама істотным было прызнанне некаторых тэрыторый за літоўскім ці маскоўскім вялікімі князямі. Адмаўленне ад прэтэнзіяў на ўплыў у Вялікім Ноўгарадзе, Вялікім Пскове, Цверы, Пераяславе Разанскім, уступка шэрагу валасцей сумеснага літоўска-наўгародскага (С. 333) кіравання[15] літоўскім гаспадаром Маскве, безумоўна, мелі вялікае значэнне. Самі жа тэрытарыяльныя страты ВКЛ у першую вайну з Вялікім княствам Маскоўскім не былі значнымі, хоць бы ў параўнанні з наступнай вайной 1500-1503 гг., калі была страчана вялікая тэрыторыя, у якой некаторыя даследчыкі бачаць ледзь не трэць тэрыторыі ўсёй дзяржавы.

Тэрыторыя, якую набыла Масква, мела важнае стратэгічнае значэнне. Заняцце вярхоўяў р. Дняпро, прасоўванне да вярхоўяў рэк Ака і Угра стваралі плацдарм для далейшага наступлення на землі ВКЛ. Была разбурана першая лінія абароны ВКЛ, змецены са сваіх уладанняў пагранічныя князі, якія былі арыентаваны на процістаянне магчымаму маскоўскаму наступленню. Надзея на актыўнае супраціўленне вяземскіх і верхняокскіх князёў не апраўдалася, і новая граніца пасля 1494 г. апынулася пад моцнай пагрозай. Абарончы рубеж уздоўж р. Угры ў асноўным захоўваўся, але ўжо не было асоб, якія былі здольны забяспечыць яго цэласнасць.

Найбольш буйным і тэрытарыяльна цэласным набыткам Масквы ў 1494 г. стала Вяземскае княства, якое з 1403 г. знаходзілася ў складзе ВКЛ.

Вяземскае княства амаль стагоддзе вызначала ўсходнюю мяжу ВКЛ, прычым мяжа гэта была, напэўна, вельмі стабільнай, бо да моманту захопу маскоўскімі войскамі ваяводы Данілы Шчані (зіма 1493) на вяземскім яе ўчастку не вядома аніякіх зменаў. Між тым не захавалася ні воднага дакумента, які акрэсліваў ускраіны Вяземскага княства. Дагавор аб "вечным міры" 1494 г., адпаведна з якім Вяземскае княства адыходзіла да Масквы не дае поўнай выразнасці межам тэрыторыі, якая адрывалася ад ВКЛ. У гэтай сувязі (С. 334) цікава паралель з далучэннем да Масквы Смаленска. Межы яго тэрыторыі вызначаюцца ў перамірнай грамаце вельмі дакладна. І звязана гэта з тым, што Смаленская зямля не ўся поўнасцю пераходзіла пад маскоўскую ўладу. Вяземскае жа княства, відавочна, адзіным масівам было далучана да Масквы.

Такім чынам, нягледзячы на цэласнасць вяземскіх зямель і доўгачасовую ўстойлівасць вяземскіх граніц, вызначэнне апошніх - справа даволі складаная. Пры выяўленні вяземскіх граніц трэба перад усім звярнуцца да даследавання размяшчэння вотчын шматлікіх мясцовых землеўладальнікаў (уласна Вяземскіх, Крошынскіх, Бываліцкіх, Казлоўскіх, Жылінскіх, Глінскіх). Потым трэба ўдакладніць межы вяземскіх зямель шляхам азначэння суседніх з вяземскімі тэрыторый княстваў і зямель.

Можна выказаць меркаванне, што надзяленне вяземскімі землямі верных вялікаму князю літоўскаму людзей ажыццяўлялася мэтанакіравана з разлікам забяспечыць абарону крайніх усходніх межаў дзяржавы. Таму мы і бачым вотчыны пана Івана Хадкевіча (воласць Рагачоў)[16], князёў Крошынскіх (воласці Цешынаў, Сукрумна, Альховец, Надслаў, Лела, Ад'езд[17]), Глінскіх (воласці Тур'е[18], Судзілаў[19], Шацельша[20]), на самай граніцы з маскоўскімі Ржэўскай, Цвярской і Мажайскай землямі.

Верагодна, да 1486/87 г. (пачатку першай літоўска-маскоўскай вайны) на вяземска-мажайскім участку літоўска-маскоўскай граніцы не было аніякіх узаемадзеянняў. Калі (С. 335) паміж літоўскімі (смаленскімі) і цвярскімі ўладаннямі ішло актыўнае кантактаванне (што адбілася ў дагаворных граматах)[21], то паміж літоўскімі і маскоўскімі (мажайскімі) землямі доўгі час, відавочна, папросту не было сутыкненняў. Жыгімонт Герберштэйн сцвярджаў, што "У часы Вітольда ўладанні гаспадароў маскоўскіх прасоўваліся на пяць-шэсць міль за Мажайск" ("...на шэсць міль не даходзілі да Мажайска")[22]. Сітуацыя, магчыма, змянілася ў 1473, калі Мажайск нечакана атрымаў у даважку да ўдзелу маскоўскі князь Андрэй Васільевіч[23]. Ён (а, можа быць, і да яго ўдзельныя князі Андрэй Дзмітрыевіч Мажайскі (1389-1432), Іван Андрэевіч (1432-1454), Юрый Васільевіч Дзмітраўскі (1462-1471)) пачаў актыўную каланізацыйную палітыку і даволі хутка прасунуўся да літоўскіх уладанняў. Верагодна, аж да тэрыторыі, непасрэдна занятай падданымі ВКЛ, князь Андрэй не знайшоў сколькі-небудзь карысных у гаспадарчым плане зямель. Тут панавалі лясы і балоты. Непасрэдны кантакт з тэрыторыяй ВКЛ Андрэя Васільевіча не толькі не спыніў, а наадварот, надаў энэргіі, бо цяпер з'явілася магчымасць засяляць і далучаць да сваіх уладанняў ужо асвоеныя землі. Відавочна, у другіх частках свайго ўдзелу (Угліч, Бежацкі верх, Звянігарад і інш.) удзельны князь Андрэй не змог так актыўна павялічваць свае ўладанні. Тут жа ўмешванне ў справы суседняй дзяржавы магло быць, па-першае, заахвочана з боку цэнтральнай улады, а, па-другое, застацца беспакараным з боку адміністрацыі ВКЛ. Усё, што змаглі зрабіць князі Крошынскія, на вотчыну якіх і быў накіраваны інтарэс маскоўскага ўдзельнага князя, - гэта скаргі (С. 336) ў пасольскіх прамовах. Наступленне вялікага княства Маскоўскага развівалася так імкліва, што князі Крошынскія, пасля такго як страцілі адны свае ўладанні, паспелі набыць іншыя (у раёне р. Угры) і неўзабаве згубілі і іх.

Характэрна, што толькі прасунуўшыся да вяземскіх зямель, маскоўскі бок пачаў прад'яўляць на іх прэтэнзіі, як на спрадвечныя мажайскія землі[24]. Шэраг валасцей быў аб'яўлены цягнучым да Мажайску і, тым самым, захопніцкія мэты набывалі легітымны характар з апорай на традыцыю, даўніну. Даволі хутка ў складзе мажайскіх мы бачым воласці, якія яшчэ зусім нядаўна складалі масівы ўладанняў князёў Крошынскіх, Глінскіх, Вяземскіх.

Па іншаму тлумачыцца адсутнасць у грамаце 1494 г. дакладнага вызначэння вотчын шматлікіх верхняокскіх князёў, якія служылі літоўскаму ці маскоўскаму вялікім князям. Кожны землеўладальнік добра ведаў межы сваіх уладанняў, пры гэтым цэнтральная ўлада мела да іх зусім рознае дачыненне: ад падаравання "да гаспадарскай волі" да толькі намінальнага кантролю. Як бы то ні было, пазначэнне ў дагаворнай грамаце толькі імёнаў саміх князёў, а то і проста пералічэнне тытулаў князёў было дастатковым.

Характэрна, што ўсе спрэчныя ўладанні, а таксама розныя наезды, захопы, рабаванні вотчын верхняокскіх, вяземскіх ды іншых князёў былі зафіксаваны ў пасольскіх прамовах, якія дайшлі да нашага часу. Уладанні князёў Мезецкіх, Варатынскіх, Вяземскіх і г.д. па дадзеных з іх уяўляюцца даволі падрабязна. Аднак, на жаль, размеркаваць уладанні, напрыклад, паміж князямі Мезецкімі, практычна немагчыма. А гэта важна для вызначэння літоўска-маскоўскай граніцы 1494 г. Справа ў тым, што Мезецкія падзяліліся, і частка іх служыла вялікаму князю літоўскаму, а частка - вялікаму князю маскоўскаму. Прычым, сам цэнтр іх уладанняў г. Мезецк (Мезчаск, Мяшчоўск) кіраваўся сумесна. Зусім відавочна, што ўчастак граніцы, які праходзіў праз мезецкія землі, не мог быць стабільным. Становішча ў асяродку мезецкіх (С. 337) князёў ускладнялася тым, што частка іх знаходзілася ў маскоўскім палоне (князі Сямён Раманавіч і Пётр Фёдаравіч). Адпаведна дагавору 1494 г. маскоўскі вялікі князя абавязаўся адпусціць у Мезецк "на іх отчыну" згаданых князёў, а самі яны атрымалі права вырашыць, каму будуць служыць[25].

Такім чынам, увесь масіў вотчын Мезецкіх князёў неабходна пазначаць на карце ў якасці сумесных уладанняў ВКЛ і Вялікага княства Маскоўскага. Граніца ў раёне Мезецка самім дагаворам не была вызначана.

Распаўсюджванне маскоўскай улады на вярхоўя Акі цалкам залежала ад пазіцыі мясцовых князёў[26]. Нават ваенны захоп не гарантаваў далучэння тэрыторыі да Масквы. Так, маскоўскія паходы 1492-1493 гг. закранулі такія гарады, як Любуцк, Мцэнск, Мезецк, Сярпейск, Масальск, Апакаў. Большасць з іх, за выключэннем Мезецка і Сярпейска, была спалена. Аднак ні водны з Масальскіх князёў не перайшоў на службу да вялікага князя маскоўскага, а тры іншых спаленых горада (Любуцк, Мценск, Апакаў) не належалі ўдзельным князям, а кіраваліся велікакняжацкімі намеснікамі ці прыватнымі ўладальнікамі. І далучэння іх да Масквы ў 1494 г. не адбылося. У Апакава была занята толькі частка тэрыторыі яго воласці, якая заходзіла на левы бераг р. Угры[27]. Такім чынам выраўноўваўся ўчастак граніцы, натуральным пазначэннем якой менавіта цяпер на больш значную адлегласць служыла р. Угра.

Як бачым, тыя тэрыторыі, у якіх маскоўская ўлада не мела дастаткова цвёрдай апоры, пакідаліся, мабыць часова, з далейшым разлікам, за ВКЛ. Так, нават Любуцк, абкружаны цяпер з усіх бакоў маскоўскімі ўладаннямі і атрымаўшы, (С. 338) такім чынам, статус эксклава, быў прызнаны отчынай вялікага князя літоўскага Аляксандра[28].

З іншага боку, пераход на маскоўскую службу таго ці іншага пагранічнага князя не гарантаваў распаўсюджвання новай улады на ўсе яго ўладанні. Варатынскія князі, якія валодалі вялізарным масівам зямель уздоўж цячэння р. Угры, пасля пераходу на бок Масквы, практычна ўсё згубілі, нават нягледзячы на тое, што гэтыя землі з'яўляліся вотчыннымі ўладаннямі. Наогул жа ў абароне межаў дзяржавы на князёў Варатынскіх урад ВКЛ, верагодна, рабіў пэўную стаўку, якая, відавочна, не апраўдалася.

Такім чынам, граніцы, якія былі вызначаны дагаворам 1494 г., не набылі стабільны характар, яны толькі замацавалі прамежкавыя вынікі распаўсюджвання маскоўскай экспансіі, якая амаль бесперашкодна развівалася на землі ВКЛ.

І вось, у 1500 г. літоўска-маскоўская граніца на ўсёй сваёй працягласці папросту знікла. На службу ў Маскву са сваімі вотчынамі (хоць гэта і было забаронена дагаворам 1494 г.) пацягнуліся бельскі князь Сямён Іванавіч, астатнія вярхоўскія князі (Масальскія, Мезецкія, Трубяцкія), князі северскія (Сямён Іванавіч Мажайскі і Васіль Іванавіч Шамячыч)[29]. Відаць, не ўсе зрабілі гэта добраахвотна. Але ва ўмовах вайны 1500-1503 гг. маскоўскі бок, безумоўна, дамініраваў.

Маштаб баявых дзеянняў у літоўска-маскоўскай вайне 1500-1503 гг. быў настолькі вялікім, што закрануў усю працягласць граніцы паміж двума дзяржавамі. У выніку вайны ўся ўсходняя граніца ВКЛ спазнала змены. Вялікі князь літоўскі Аляксандр вымучаны быў саступіць значныя тэрыторыі, якія на працягу больш чым паўтара стагоддзя ўваходзілі ў склад ВКЛ. Літоўска-маскоўская граніца па дагавору аб шасцігадовым перамір'і 1503 г. набыла на ўсёй працягласці новыя абрысы, прычым, не заўсёды цвёрда ўсталяваныя. Ужо ў ходзе перагавораў перад заключэннем (С. 339) міру, у працэсе дэлімітацыі граніцы, адбывалася перадача з маскоўскага боку шэрагу валасцей ВКЛ; граніца выраўноўвалася і набывала ўстойлівы характар. Праз некаторы час, у 1508 г., зноў адбылося ўдасканальванне граніцы, у выніку чаго быў не толькі ліквідаваны выступ у глыбіню Смаленскай зямлі з боку новых маскоўскіх уладанняў, але і былі перададзены літоўскаму боку вельмі важныя для яе ў стратэгічным плане тэрыторыі (Гомель і Любеч).

Дагаворная грамата 1503 г. аб 6-гадовым перамір'і паміж Вялікімі княствамі Літоўскім і Маскоўскім мае быццам зусім іншы характар, чым дагавор 1494 г. У ёй дакладна, паслядоўна пазначаюцца пагранічныя пункты з абодвух бакоў, прычым, пры пераліку, напрыклад, полацкіх валасцей, называюцца толькі ты з іх, якія знаходзіліся на памежжы і на якія мог прэтэндаваць супрацьлеглы бок. Такім чынам, рэканструкцыя літоўска-маскоўскай граніцы 1503 г. не падаецца складанай. Большасць валасцей была лакалізавана даследчыкамі, граніца больш-менш дакладна нанесена на карту. Аднак назіранняў за дынамікай тэрытарыяльных далучэнняў да Масквы не было зроблена, таксама як не была разгледжана эвалюцыя адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў Вялікім княстве Маскоўскім у сувязі з новымі зямельнымі набыткамі.

Сам тэкст граматы 1503 г. ня трэба ўспрымаць як новую з'яву. Так, у граматах 1449 і 1494 гг. таксама быў акрэслены ўчастак граніцы, які дагэтуль папросту не існаваў, не быў вызначаны (раён Ржэўскай зямлі). А да 1503 г. склалася новая граніца амаль на ўсёй працягласці сутыкнення літоўскіх і маскоўскіх уладанняў. Ні адна тэрытарыяльная адзінка не была поўнасцю, цалкам далучана да Масквы. Адсюль неабходнасць падрабязнага вызначэння новых межаў, якія прайшлі скрозь спрадвечна існаваўшыя, гістарычна сфармаваныя, устойлівыя рэгіёны.

Праўда, адзін, і даволі значны, адрэзак новай літоўска-маскоўскай граніцы ў грамаце 1503 г. застаўся, фактычна, без асвятлення. Тэрыторыя на ўсход ад Дняпра, паміж такі(С. 340)мі гарадамі, як Кіеў, Чаркасы з літоўскага боку і Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Пуціўль і інш. з маскоўскага боку, засталася неразмежаванай. У далейшым пазначаны рэгіён стаў месцам працяглага пагранічнага канфлікту і ў выніку менавіта там сфарміравалася этнічная мяжа паміж рускім і ўкраінскім народамі. На момант жа складання граматы большая частка рэгіёна толькі фармальна ўваходзіла ў склад ВКЛ, а потым Вялікага княства Маскоўскага і з'яўлялася часткай Поля - слаба засвоенай і неапрацаванай людзьмі прасторы, месца татарскіх качэўяў.

Толькі ў 1514 г., з узяццем Смаленску, літоўска-маскоўская граніца адсунулася далей на захад, што прымушала ўлады ВКЛ шукаць новыя магчымасці для складання лініі абароны, якая была бы супрацьпастаўлена моцнаму суседу. У выніку перамір'я 1522 г. літоўска-маскоўская граніца набыла стабільны характар, а з 1537 г. (пасля вяртання ВКЛ Гомеля і перадачы Маскве Себежу) закончаны выгляд.

 


[1] Захаваўся толькі адзін літоўска-маскоўскі дагавор 1372 г. (Духовные и договорные грамоты великих и удельных князей XIV - XVI вв. М.; Л., 1950. (Далей ДДГ). № 6. С. 21-22; Кучкин В.А. Договорные грамоты московских князей XIV в. Внешнеполитические договоры. М., 2003. С. 119-120).

[2] Полное собрание русских летописей. Т. 11. М., 2000. С. 205.

[3] Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. V. М., 1993. С. 106.

[4] Шеламанова Н.Б. Образование западной части территории России в XVI в. в связи с ее отношениями с Великим княжеством Литовским и Речью Посполитой. Диссертация на соискание ученой степени кандидата исторических наук. Науч. рук-ль М.Н. Тихомиров. М., 1970. С. 6.

[5] Там жа. С. 9.

[6] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута. М., 1892. Укладыш.

[7] Natanson-Leski J. Dzieje granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Cz. 1: Granica Moskiewska w epoce Jagiellonskiej. Lwów; Warszawa, 1922. S. 81.

[8] ДДГ. № 83. С. 330.

[9] Там жа. С. 329.

[10] Сборник Императорского Русского Исторического Общества. Т. 35. СПб., 1882. (Далей СбРИО. Т. 35). С. 119.

[11] ДДГ. № 53. С. 160 - 163; Lietuvos Metrika - Lithuanian Metrica - Литовская Метрика. V., 1994. Kn. 5: (1427-1506). № 78.1. С. 131-133; № 136. С. 251-254.

[12] Аб перыпетыях барацьбы за Ржеву гл.: Кучкин В.А. К изучению процесса централизации в Восточной Европе (Ржева и ее волости в XIV - XV вв.) // История СССР. - 1984.  - № 6; Темушев В.Н. Начало складывания московско-литовской границы. Борьба за Ржевскую землю // Российские и славянские исследования: Сб. науч. статей. Вып. 1. Мн., 2004. С. 71-80.

[13] Прачытана ў Маскве 23 ліпеня 1489 г., напісана 30 мая таго ж года. (СбРИО. Т. 35. № 8. С. 34).

[14] ДДГ. № 77. С. 290-293.

[15] Па дагавору 1449 г. за ВКЛ яшчэ захоўваўся пэўны ўплыў на наўгародскія землі. Прыкладна з 1326 г. існавала так званае "чорнакунства" - тэрыторыі, якія сплачвалі даніну абодвум бакам - ВКЛ і Вялікаму Ноўгараду (Пустаржэўская, Луцкая землі, Холмскі пагост, воласці Вяліла, Марэва і інш., пагост Беразоўскі). («А которыи волости или оброки потягнули Новгородские к Литве зъдавна, и мне, кн(я)зю Василью великому, в то не въступатисе по давному». ДДГ. № 53. С. 162).

[16] Ня трэба блытаць хлепеньскі Рагачоў з аднайменным беларускім горадам, як гэта рабілі ў XIX ст. (Дембовецкий А.С. Опыт описания Могилевской губернии. Кн. 2. Могилев, 1884. С. 94).

[17] СбРИО. Т. 35. С. 6.

[18] Тур'еў духоўнай граматы Івана III. Знаходзіўся, верагодна, у раёне рэчкі Турэі.

[19] Сулідаў духоўнай Івана III; атаясамляецца з сучасным Судзімавым.

[20] Шацеш у духоўнай Івана III; сучасная Шацеша на р. Воре (Любавский М. К. Пазнач. сач. С. 283; ДДГ. № 89. С. 355).

[21] Дагавор 1427 г.: ДДГ. № 23. С. 62-63; Lietuvos Metrica - Lithuanian Metrica - Литовская Метрика. Kn. 5. № 140. С. 257. Дагавор 1449 г.: ДДГ. № 83. С. 329; Lietuvos Metrica - Lithuanian Metrica - Литовская Метрика. Kn. 5. № 141. С. 259; № 78.2. Р. 134.

[22] Герберштейн С. Записки о Московии. М., 1988. С. 144.

[23] Шматразова праўлены спіс тэкста дагаварной граматы Івана III з князем Адрэем Васільевічам першапачаткова зусім не змяшчаў аніякага падаравання вялікага князя сваяму ўдзельнамі брату. Але ў апошнім варыянце граматы выявілася фармуліроўка: «...и что яз, князь велики, пожаловал тобя...», у якой спачатку з'явілася прыбаўленнне да ўдзела Андрэя «Колуги», потым перапраўленай на Мажайск (ДДГ. №  70. С. 248).

[24] СбРИО. Т. 35. С. 6.

[25] ДДГ. № 83. С. 330.

[26] Кром М.М. Меж Русью и Литвой. Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV - первой трети XVI в. М., 1995. С. 91-92.

[27] У грамаце 1494 г. гаворыцца аб тым, што за ВКЛ застаўся Апакаў па Угру (ДДГ. № 83. С. 330). Значыць, можна зрабіць выснову аб тым, што ў горада была тэрыторыя і за Угрой, якая цяпер адыходзіла да Масквы.

[28] ДДГ. №. 83. С. 330.

[29] Полное собрание русских летописей. Т. 12. М., 1965. С. 252.



Сайт Виктора Темушева.

Поиск

Облако тегов

беларусь «великая война» «великое княжество московское» «великое княжество тверское» «верховские княжества» витовт вкл воротынск «восточная европа» «вяземские князья» «вяземское княжество» «вялікі гістарычны атлас беларусі» «галицко-волынское княжество» «гомельская земля» граница границы «грюнвальдская битва» «дмитрий донской» дмитровец «древняя русь» «институт истории» «историческая география» карты «киевская земля» «киевская русь» крошинские «куликовская битва» любутск метельский «московско-литовская война» «московско-литовская граница» «московское княжество» «нойбургские владения» «первая мировая война» «пограничная война» «полоцкое княжество» поугорье «речь посполитая» «ржевская земля» «российская империя» россия русь «северо-восточная русь» славяне спиридонов «средние века» «стародубская война» «тарусское княжество» чума ягайло