Цемушаў В. "Вялікі гістарычны атлас Беларусі" у крывым люстэрку рэцэнзіі (Адказ на рэцэнзію Алега Латышонка і Генадзя Семянчука) // ARCHE Пачатак. № 6. 2010. С. 330-343.

Віктар Цемушаў

"Вялікі гістарычны атлас Беларусі" у крывым люстэрку рэцэнзіі

(Адказ на рэцэнзію Алега Латышонка і Генадзя Семянчука)

Як звычайна робіцца ў рэцэнзіях, спачатку аўтары кажуць хоць некалькі добрых слоў як пра саму тую працу, што ім трапілася, так і пра яе стваральнікаў. Цудоўна, але ў нашым выпадку, здаецца, нічога вядомых даследчыкаў Алега Латышонка і Генадзя Семянчука ў "Вялікім гістарычным атласе Беларусі"[1] (далей - Атласе) не задавальніла. Напрыклад, ці не варта было б адразу даць станоўчую адзнаку больш чым дваццацігадовай працы М.Ф. Спірыдонава (менавіта так - з ініцыяламі), якая была падрыхтавана да друку В.Л. Насевічам і склала моцны падмурак Атласа (Генеральная карта і гістарычна-геаграфічны паказальнік да яе - гэта больш за трэць зместу)? Адзін толькі гэты матэрыял дазваляе лічыць 1-ы том Атласа сапраўды вялікім. Ніхто ні цяпер, ні ў бліжэйшай будучыні не здолее зрабіць нешта падобнае. Але, як высвятляецца, ў Генеральнай карце недастаткова вылучаны рэгіён Падляшша, напэўна таму і яна не заслугоўвае пахвалы.

Што тычыцца рэцэнзіі - яе аўтары, безумоўна, асілілі вялікую працу. Можна ўявіць сабе як цяжка было збіраць людзям, далёкім ад гістарычнай геаграфіі і картаграфіі, неабходную для саліднага аб'ёма колькасць заўваг з востра крытычным сэнсам пад загадзя вылучаныя высновы. Здаецца, рэцэнзенты могут быць упэўнены, што з пастаўленай мэтай яны справіліся. Аб'ём рэцэнзіі ўражвае. У ёй ёсць неабходны навуковы фон, пад які можна падвесці пажаданыя высновы. Для чытача, незнаёмага з праблематыкай гістарычнай геаграфіі і наогул, заангажаванага "правільным", "свядомым" уяўленнем гісторыі Беларусі, пазіцыя рэцэнзентаў будзе прымальнай і атрымае ў пэўных колах задавальненне. Справа ў тым, што, як лічаць рэцэнзенты, Атлас стваралі "дзяржаўныя" гісторыкі, і, такім чынам, усё, што яны зрабілі - гэта ідэалагічна афарбаваная і з самога пачатку перакручаная гісторыя. Таму Атлас і, перш за ўсё, ягоныя аўтары заслугоўваюць адразу адмоўных адносінаў. І нават тое выданне, якое быццам бы можна было аднесці да "незалежных", бо яно пабачыла святло не ў Беларусі, а ў Польшчы - "Гістарычны Атлас Беларусі"[2] - "таксама не задавальняе, бо сярод яго аўтараў сустракаем шмат тых самых асобаў, што і акадэмічнага "Вялікага гістарычнага атласу Беларусі"" (цытата з рэцэнзіі). Вось і высвятляецца ў чым, на думку аўтараў рэцэнзіі, сапраўдная непаўнавартасць Атласу.

Тут трэба абмовіцца, што стваральнік агульнага негатыўнага фону рэцэнзіі, шматлікіх заідэалагізаваных па сутнасці сцвярджэнняў і ў канцы слабаабгрунтаваных адмоўных высноў, якія складана суаднесці з папярэднім тэкстам, толькі адзін - Алег Латышонак. Напэўна, для большай вагі і пошукаў недахопаў Атласа ў рэцэнзіі ўдзельнічаў яшчэ і Генадзь Семянчук - добры знаўца геаграфічных акалічнасцяў гісторыі Беларусі. Здаецца, гэта менавіта ён у адным з каментарыяў, сцвярджаў, што большасць заўваг па Атласу гародзенцаў (г.зн. даследчыкаў з Гродна) ягонымі складальнікамі была ўлічана. На жаль, гародзенцы глядзелі толькі адзін раздзел Атласа ("Рэлігія і культура ў ХIV-XVI cт."). Інакш, можна было б спадзявацца, што большасць заўваг, прадстаўленых у рэцэнзіі, таксама была бы прынята. Між іншым, каментар Генадзя Семянчука - гэта ўтоеная станоўчая адзнака Атласа. Але яна вынесена ў спасылку і, безумоўна, не будзе заўважана чытачамі на агульным фоне непрыязнасці да ўсяго, што адлюстравана "дзяржаўнымі", ці "акадэмічнымі"  гісторыкамі.

Аўтар вызначальнай часткі рэцэнзіі - А.Ю. Латышонак - вядомы беларускі гісторык, які жыве ў Польшчы і спецыялізуецца ў даследаванні праблем станаўлення беларускай самасвядомасці, складвання першых беларускіх ваенных фарміраванняў і, цалкам, перыяду гісторыі Беларусі Новага і Найноўшага часу. Ёсць у гісторыка і некалькі зусім маленькіх прац па перыяду Сярэднявечча, але тое, што яны надрукаваны ў асноўным у газетах гаворыць само за сабе. Неабходна зазначыць, што А.Ю. Латышонак добра ведае гістарычную картаграфію, асобна вывучае пытанне пра адлюстраванне на старых картах назвы Белая Русь. Тут трэба папярэдзіць: гістарычная картаграфія - гэта не гістарычная геаграфія. Першай прысвечаны раздзел у Атласе, але галоўная яго частка - вынік шматлікіх гістарычна-геаграфічных напрацовак. Такім чынам, кампетэнцыі А.Ю. Латышонка недастаткова, каб адважыцца на крытычны аналіз 1-га тома Атласа. Яго заўвагі па іншых тамах, безумоўна былі б больш карыснымі.

І сапраўды, няведанне картаграфічных выданняў гістарычнага кшталту праяўляецца адразу, у першых радках рэцэнзіі. Высвятляецца, што "доўгія гады" (гэта з 2004 г.) аматары картаграфіі гісторыі Беларусі задавальняліся механічнай падборкай карт з „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі", якую яе складальнікі не пасаромеліся назваць „Атласам гісторыі Беларусі". Цікава, што перашкаджала людзям глядзець карты раздзела "Гісторыя" "Нацыянальнага атласа Беларусі" (2002 г.), звяртацца да выдання "Атлас. Гісторыя Беларусі XVI-XVIII стст." (2005 г.) ці, нават, карыстацца даволі сур'ёзным "Атласам БССР" (1958 г.), у якім гістарычная частка хоць і маленькая, але вельмі прагрэсіўная для паслясталінскіх часоў? І іншыя атласы і насценныя карты (прызначаныя для школ) маглі задаволіць інтарэс аматараў беларускай гісторыі. А "Вялікі гістарычны атлас Беларусі" не ўзнік на пустым месцы, ён з'явіўся натуральным працягам развіцця ўяўленняў аб гісторыі Беларусі ў часе і прасторы.

Напісанне імя і імя па бацьку, скарочаных да ініцыялаў пры прозвішчах стваральнікаў Атласу - нармальная з'ява. Ужыванне імя па бацьку распаўсюджана ў Беларусі са старажытных часоў (між іншым, у адрозненні ад Расіі, дзе значная частка падуладнага насельніцтва доўгі час не мела права называць сабе з "вічам"). А.Ю. Латышонак гэта добра ведае, але хітрыць. І гэта ўжо не першая заўвага пра яго некаррэктнасць у стылі напісання рэцэнзіі, хоць да разбору апошняй справа толкам яшчэ не дайшла.

Пра прадмову і ўводзіны да 1-га тому Атласа казаць няма жадання. На самой справе, трэба пагадзіцца, што, напрыклад я, як стваральнік пэўнай колькасці карт, імкнуўся ў некаторых з іх адлюстраваць развіццё нашых земляў у кантэксце еўрапеўскай гісторыі. Але, ці можна гэта казаць пра іншых аўтараў? Наогул, не ўпэўнены, што паважаны акадэмік М.П. Касцюк бачыў хоць адну з картаў Атласа, ва ўсялякім выпадку, ён проста не мог удзельнічаць у працы над ім, таму што з'яўляецца спецыялістам па іншаму часу і далёкай ад гістарычнай геаграфіі праблематыцы. Тут акрамя таго трэба прызнаць, што канцэпцыя Атласа, якая павінна была быць акрэслена загадзя і пад яе складацца карты, у сапраўднасці ўзнікала, праяўляла сабе і замацоўвалася паступова. Нават колькасны склад карт, іх храналагічны падзел, ахоп тэрыторыі і маштаб вызначаліся пад час працы.

Чаму некаторыя карты эксперыментальныя я паспрабую растлумачыць. У пэўнай ступені для мяне зразумела непрыязная пазіцыя Алега Латышонка і шмат якіх іншых даследчыкаў да "акадэмізму" і дзяржаўнай арыентацыі, што нібыта пануюць сярод прадстаўнікой Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Пад "акадэмізмам", верагодна, маецца на ўвазе кансерватызм і поўнае непрыняцце іншых поглядаў; пад "дзяржаўнасцю" - свядомае служэнне інтарэсам афіцыйнай ідэалогіі. І гэта, безумоўна, існуе, але адчувае час заняпаду. Зараз адбываецца змена пакаленняў. Прыходзіць моладзь, якая ў навуцы арыентуецца цалкам на іншыя крытэрыі і, як гэта заўсёды бывае, адмаўляе сваіх папярэднікаў.

Паглядзіце, яшчэ у "Нацыянальным атласе Беларусі" прадстаўлена жудасная карта, пад якой запісаліся аўтарамі Г.В. Штыхаў і П.Ф. Лысенка. У ёй не ўбачым, напрыклад, уладанняў Полацка на Дзвіне і хоць нейкага развіцця тэрыторый княстваў і зямель за некалькі стагоддзяў. Межы штучна створанай Тураўскай зямлі, якой ніколі не існавала, атаясамляюцца з арыялам рассялення дрыгавічоў (што наскрозь памылкова), а апошнія рассяляюцца па ўсім поўдні Беларусі (ад Брэста да Дняпра), акуратна па дзяржаўных граніцах сучаснай Рэспублікі Беларусь (што таксама не адпавядае рэчаіснасці). Кіеўскі Мазыр (ён толькі пасля Люблінскай уніі адышоў ад Кіеўскага ваяводства да Менскага павета, г.зн. стаў інтыгравацца з беларускімі землямі), чарнігаўскі Рагачоў, валынскі Брэст і г.д. - гэта ўсё, па сцвярджэнню нашых "акадэмічных" гісторыкаў, Тураўская зямля. Спробы "аддаць", напрыклад, Мазыр Кіеву, наогул, размясціць на перыяд да сярэдзіны XII ст. на значнай частцы тэрыторыі сучаснай Беларусі надпіс "Кіеўская зямля" караецца абвінавачаннямі ў разбазарванні нашых зямель і стварэнні падстаў для тэрытарыяльных прэтэнзій з боку Украіны. Штыхаў і Лысенка ўдваёх стварылі свае княствы, адзіныя і непарушныя, якія ахопліваюць амаль поўнасцю сучасную Беларусь (за выключэннем часткі Смаленшчыны і кавалка Чарнігаўскага княства). "Чужога" ім не трэба (напрыклад Драгічын Надбужскі або ўладанні па Дзвіне адразаюцца ад карты), але і "сваё" яны не аддаюць (Віцебск ў XIII ст. - Смаленску, Клецк і Слуцк у сярэдзіне XII ст. - Чарнігаву). Спробы завязаць дыскусію, імкненне да новых даследаванняў на падставе іншых метадаў і крытычнага ўспрыняцця крыніц натыкаюцца на глухія муры непаразумення. "Навошта ствараць новыя карты, ёсць жа ж Дзяржаўны атлас Беларусі", - П.Ф. Лысенка гэта гаворыць амаль на кожным паседжанні вучонага савета Інстытута гісторыі. Навошта рабіць круглы стол па праблемах гістарычнай геаграфіі паўднёвай Беларусі старажытнарускіх часоў: "Я ўжо ўсё вырашыў", - кажа таксама П.Ф. Лысенка.

Але ўжо, нават, у афіцыйным выданні "Беларусь: Народ. Государство. Время"[3] у выглядзе карт прадстаўлены іншы погляд на развіццё беларускіх зямель. Школьныя падручнікі не толькі картамі, але і сваім тэкстам адмаўляюць старыя погляды. Ідзе барацьба за абнаўленне школьных насценных карт. (Зараз на дадатковую рэцэнзію вырашылі адправіць дзве карты - Г.В. Штыхава і С.М. Цемушава. Цікава, якая з іх у выніку будзе прынята да друку). Старыя "акадэмічныя" гісторыкі яшчэ змагаюцца, у іх руках вельмі моцны адміністрацыйны рэсурс і значны аўтарытэт. Але, напрыклад, той факт, што П.Ф. Лысенка ўпершыню ўбачыў Атлас праз паўгады пасля яго выдання, сведчыць пра тое, што перамагчы ён не зможа.

Ну, дык вось. Эксперыментальныя карты таму, што некаторыя з іх поўнасцю адмаўляюць погляды, якія панавалі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Так асцярожна Інстытут гісторыі дыстанцуецца ад магчымых непрыемнасцяў, якія могут узнікнуць у сувязі з публікацыяй нестандартнага і нефармальнага Атласа.

Між іншым, а чаму ў рэцэнзента ўзнікла атаясамленне аўтараў Атласа з "акадэмічным" асяродкам Інстытута гісторыі? Наша навуковая ўстанова сапраўды вельмі ганарыцца "сваёй" вялікай працай - Атласам. Але трэба зазначыць, што ён ужо быў створаны, калі Інстытут раптам праявіў да яго інтарэс. Знянацку ў складзе Рэдакцыйнай калегіі і Навуковага рэдакцыйнага савета з'явіліся шмат якія прадстаўнікі Інстутута, нічога не рабіўшыя для Атласа. Інстытут адчуў сабе адказным за строга навуковы характар дадзенага выдання. Першапачатковы жа ход працы над Атласам быў пазбаўлены кантролю з боку дзяржаўных устаноў. Аўтары адтуль былі (інакш немагчыма), але рабілі яны карты не ў рамках планавых тэмаў ці іншых навуковых праектаў, а ў свой вольны час і ў адпаведнасці са сваімі ведамі, пазіцыямі і, калі заўгодна, густамі. Калі Атлас прыйшоў у Інстытут, яго асноўны змест, канцэпцыю, погляды аўтараў мяняць было ўжо немагчыма. Аднак, факталагічная частка была падвергнута моцнай перепрацоўцы (больш за ўсё гэта тычыцца археалагічных дадзеных). Безумоўна, навуковы ўзровень Атласа быў значна падняты. Мне не заўсёды зразумела крытыка рэцэнзентаў тых ці іншых археалагічных акалічнасцяў шэрагу карт (перш за ўсё належачых В.Л. Насевічу) - я не спецыяліст. Але ўпэўнены, што арыялы культур, лакалізацыі помнікаў і г.д. на ўсіх картах, дзе пануюць археалагічныя крыніцы, адпавядаюць найбольш актуальным і сучасным уяўленням.

Ёсць яшчэ адзін цікавы момант у стварэнні Атласа, пра які не дрэнна было б распавесці. Можна ўявіць сабе пазіцыю непасрэднага стваральніка Атласа - РУП Белкартаграфія. Белкарта была зацікаўлена ў тым, каб прадукт пабачыў святло як мага хутчэй. І вось у Інстытут гісторыі пасылаецца першы варыянт Атласа (амаль паўфабрыкат) з мэтай атрымаць згоду на друк. Пазіцыя ўсіх аддзелаў Інстытута, якія спецыялізуюцца па тэматыцы 1-га тома Атласа, адмоўная. Нават аўтары не пазнаюць свае творы. Зроблены заўвагі, Атлас дарабляецца і ідзе да нас ў другі раз. Рэакцыя супрацоўнікаў тая ж самая: не ўсе заўвагі прынятыя, шмат чаго не зроблена. Добра. Белкарта чакае нейкі час і дасылае Атлас ў трэці раз. Што было зменена, прынята, дапрацавана - цяжка казаць, таму што ў трэці раз, напрыклад, я ўжо і не глядзеў так уважліва, як дагэтуль. Такой тактыкай Атлас прабіваўся да сваяго выдання.

Характэрна, што ў 1-м томе Атласа заяўлена пра стварэнне трох тамоў, якія павінны ахапіць усю гісторыю Беларусі. І толькі ў пачатку працы над 2-м томам Атласа была звернута ўвага на вельмі няўдалы храналагічны падзел паміж 2-м і 3-м тамамі. Што такое здарылася ў Беларусі ў сярэдзіне XIX ст., што дазволіла бы правесці праз гэты час пэўную мяжу? Да таго ж значная частка Атласа - Генеральная карта, і калі ўзяць сярэдзіну XIX ст. і стварыць падрабязную карту на падставе, напрыклад, вядомай трохвярстоўцы, дык страчваецца вельмі каштоўная крыніца - кацярынінскае і паўлаўскае межаванне земляў Беларусі канца XVIII ст. Магчыма нехта паспрабуе спрачацца наконт падзелу гісторыі Беларусі па перыядах у адпаведнасці з тым, у якія дзяржаўныя ўтварэнні ўваходзілі яе землі. Але для картаграфіі гэта найбольш разумны і зручны падыход. І вось, калі 1-ы том перапыняўся ўзнікненнем Рэчы Паспалітай, натуральна час існавання апошняй разглядаць у 2-м томе. Тады не губляецца і матэрыял Генеральнага межавання, які зафіксіраваў стан беларускіх земляў пасля скачавання Рэчы Паспалітай. 3-ці том - беларускія землі ў складзе Расійскай імперыі. Тут спатрэбяцца генштабаўскія карты-трохвярстоўкі, карты Шуберта і Стральбіцкага, спіскі населеных месцаў шэрагу губерній (створаны ў другой палове XIX - пачатку ХХ ст.). Як бачым, 4-ы том Атласа вылучаецца сам сабой. У ім - утварэнне беларускай дзяржаўнасці, БССР, Рэспубліка Беларусь. Для Генеральнай карты тут мэтазгодна ўзяць за аснову карты генштабу РККА 1942 г. У выніку можна пабачыць развіццё беларускіх зямель без парушэння логікі іх тэрытарыяльных зменаў і, што вельмі важна, зазірнуць скрозь стагоддзі і атрымаць звесткі пра структуру рассялення, уладальніцкую прыналежнасць, статус населеных пунктаў, наяўнасць адміністрацыйных, рэлігійных і іншых цэнтраў і г.д. у любой мясцовасці Беларусі па розных перыядах. З маёй прапановы так і вырашылі зрабіць (спачатку 2-і том разбілі на 2 частцы, а потым рашуча перайшлі да чатырохтомнага складу Атласа).

"Храналогія як храналогія, даты і падзеі". Гэты раздзел Атласа зрабіла рэдактар Л.У. Шклярэвіч. Даты і падзеі запазычаны з выданняў "Храналогія гісторыі Беларусі" і "Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі". Цяжка было змагацца за прывядзенне да адпаведнасці таго, што пазначана на картах, з тым, што імкнулася правесці рэдактар. Несупадзенняў у датыроўках, тэрмінах і г.д. было шмат. Асабліва дасталася перыядам гісторыі Беларусі, дзе пануе археалогія. Трэба спадзявацца, што ў выніку супярэчнасці былі зняты. Але бачу, што не ўсе. Напрыклад, першая памежная вайна так і засталася ў 1492-1494 гг., хоць на самой справе яна пачалася яшчэ ў 1486 г. Безумоўна, пытанне пра час, калі адбывалася гэта вайна, спрэчнае, але на карце яна пазначаецца з 1486/87 г. - так павінна быць і ў раздзеле храналогіі. Шматлікія заўвагі і прапановы рэцэнзентаў па раздзелу храналогіі цалкам прымальныя, цікавыя і, безумоўна, павінны былі б быць улічаны (акрамя, прабачце, тацішчаўскіх звестак).

Тут закрану яшчэ адну праблему стварэння Атласа. Спадзяюся, што тады стане зразумелым тое кола недакладнасцяў, супярэчнасцяў, няўзгодненасцяў паміж картамі, толькі нязначную частку з якіх заўважылі рэцэнзенты (калі б яны дасканала ведалі час, адлюстраваны на картах, а больш канкрэтна - гістарычна-геаграфічны матэрыял, дык пабачылі бы распаўсюджаную неадпаведнасць назваў населеных пунктаў і плямёнаў рэчаіснасці, якую нам даюць крыніцы, адвольнасць межаў дзяржаў і уладанняў, нядбайнасць лакалізацый і г.д.). Між іншым, аўтарскія арыгіналы карт і тое, што пад імёнамі пэўнай колькасці аўтараў выйшла з выдавецтва - гэта даволі розныя рэчы. Пасля перадачы аўтарскіх арыгіналаў карт у Белкартаграфію з імі пачыналася праца, якую аўтарам было вельмі цяжка, амаль немагчыма кантраляваць. Заўвагі рэцэнзентаў, не заўсёды кампетэнтныя, прымаліся без разгляду і ўзгадненняў з аўтарамі, хтосці ўмешваўся ва ўнутраны змест карт, змяняў у іх межы, разнастаныя назвы, дадаваў або знімаў падзеі і г.д. Калі аўтары не патрабавалі, дык ім іх карты на прагляд не давалі. А так, за малым выключэннем, і было на самой справе.

Істотнай праблемай Атласа было ўзгадненне карт розных аўтараў паміж сабой. Кожная карта ўтрымлівае пэўную храналагічную мяжу, з якой бярэ пачатак наступная карта. Таксама і карты агульнага характара (якія адлюстроўваюць значныя рэгіёны, напрыклад, маштабу Ўсходняй Еўропы) нясуць звесткі (безумоўна, у палегчаным стане) з асобных карт лакальных рэгіёнаў (напрыклад, у межах сучаснай Беларусі). Пераемнасць паміж картамі проста павінна быць дасягнута. Пры існаванні супярэчнасцяў у гледача ўзнікаюць справядлівыя сумненні ў навуковай вартасці працы ці аднаго з аўтараў розных карт, ці наогул усяго Атласа. У большасці выпадкаў рэдактары здолелі ўзгадніць ўсе карты паміж сабой. Гэта вялікая праца. Аднак, напрыклад, сваеасаблівай выспай, адарванай ад побач размешчаных карт, засталася старонка, якую зрабіў В.Л. Насевіч. Гаворка ідзе пра ягоную карту "Падзел Русі на вотчыны розных галін Рырукавічаў. XI-XII ст." Карта храналагічна накладваецца на папярэднюю і адлюстроўвае, хоць і з ахопам больш вялікай тэрыторыі, час, прадстаўлены ў наступнай. Аўтар катэгарычна адмовіўся ад правак сваёй карты і ўзгадненняў межаў, пазначаных у ёй, з суседнімі картамі (аўтар - В.М. Цемушаў).

Вось ужо і закрануты перыяд Старажытнарускай дзяржавы, да яго я і звярнуся. І ў далейшым паспрабую не ўмешвацца ў тыя тэмы, рэгіёны і гістарычныя перыяды, якія сам не даследую і ў якіх не адчуваю сабе спецыялістам. Цяжка знайсці добрых навукоўцаў з шырокім колам навуковых інтарэсаў. Як правіла для грунтоўных даследчыкаў характэрна спецыялізацыя па пэўных рэгіёнаў у нейкі адрэзак часу. Раскідванне увагі па шматлікай праблематыцы гарантуе паверхнасныя веды і навуковае бяссілле. Мяне цікавіць зона кантакту паміж беларускімі землямі і іх ўсходнімі суседзямі ў перыяды Сярэднявечча і ранняга Новага часу, асобны інтарэс у вызывае рэгіён, дзе ўзнікае Малдаўская дзяржава, а таксама Падолле і часткова Кіеўшчына. Вось за гэтыя тэрыторыя гатовы несці адказнасць. І што цікава, канкрэтных заўваг, назіранняў, знойдзеных недахопаў па менавіта маіх даследаваннях у рэцэнзіі не ўбачыць (я не ўлічваю заявы канцэптуальнага кшталту). Безумоўна, для стварэння большасці карт маіх асабістых даследаванняў і нават навуковых ведаў недастаткова. Тады проста неабходна выкарыстоўваць метад запазычвання. І тут трэба не памыліцца. Добры даследчык не той, хто ўсё ведае (гэта немагчыма), а той, хто ведае, дзе патрэбную дакладную інфармацыю знайсці.

На жаль, не існуе ні воднай карты, ці, нават, сур'ёзнай працы, у якіх адмаўлялася бы існаванне адзінай Старажытнарускай дзяржавы і, больш за тое, складванне старажытнарускай народнасці. Тое, што пішуць паважаныя рэцэнзенты са спасылкай на кароткі спіс нязначных прац - не ўражвае. На самой справе імкненне скасаваць Старажытную Русь выяўляе заідэалагізаванасць самых рэцэнзентаў, якія спрабуюць адарваць беларусаў ад агульнай гісторыі з іншымі ўсходнімі славянамі (украінцамі і рускімі). Прамое сцвярджэнне саміх рэцэнзентаў пра тое, што "навуковы анахранізм" Старажытная Русь прызнаецца даследчыкамі Расіі, Украіны і Беларусі дастаткова, каб упэўніцца ў яе актуальнасці. Не маю нічога супраць назвы "Старажытная Беларусь" (хоць спасылка на дуты аўтарытэт Міколы Ермаловіча выглядае непераканаўча), але справа ў тым, што ў раздзеле разглядаецца не толькі Старажытная Беларусь, але ўся Старажытная Русь і, нават, у некаторых картах - Усходняя Еўропа.

Карта „Працэс дзяржаваўтварэння на славянскіх землях. Другая палова VІІІ  - першая палова ІХ ст." (с. 47). Карта складзена з мэтай паказаць з'яўленне дзяржаў у славянскіх народаў. Гэта быў час, калі землі Беларусі толькі-толькі былі закрануты гэтым працэсам. Цікава было пабачыць чалавека, які не лічыць Першае балгарскае царства славянскай дзяржавай. Гэтак мы дойдзем да таго, што аб'явім Расійскую імперыю ХVIII - пачатку ХХ ст. нямецкай дзяржавай. Пра зоны, дзе праходзілі працэсы дзяржаваўтварэння ў славян пажадана было б парэкамендаваць рэцэнзентам пазнаёміцца з працамі шэрагу даследчыкаў і паглядзець адпаведныя карты. Каганат русаў (менавіта з такой назвай, таму што "Рускі каганат" вызывае атаясамленне з рускімі, як этнасам), сапраўды, хутчэй за ўсё склаўся ў раёне Кіева, хоць адмаўляць працэсы дзяржаўнай кансалідацыі ў ільменскіх славен не варта. Звесткі пра зону варажскай даніны ўзяты з гістарычных атласаў скандынаўскага паходжання, і, на самой справе, лепш было б пазначыць сферу палітычнага ўплыву ці кантролю з боку варагаў. На карце Полацка не знайсці па простай прычыне - ён тады яшчэ не згадваўся ў пісьмовых крыніцах. З вялікім інтарэсам разам з рэцэнзентамі пабачыў шляхі гандлю, якія кантралявалі варагі-русы. На аўтарскім варыянце карты іх няма, як і няма на адпаведнай карце В.Л. Насевіча, якая спачатку павінна была быць размешчана ў Атласе. Хто і з якой прычыны ўнёс дапаўненні ў карту - цяжка казаць. Яшчэ адзін недахоп карты, заўважаны рэцэнзентамі - адсутнасць на ёй галоўных гандлёва-рамесныя цэнтраў з дамінаваннем варагаў. Не пашкодзіла б таксама пазначыць месцы ў Беларусі і па суседству, дзе былі знойдзены скандынаўскія рэчы і арабскія манеты, тым больш, што такую карту мне ўжо прыходзілася рабіць, менавіта па працах В.Н. Рабцэвіча і С.Д. Дзярновіча.

Карта "Рассяленне славянаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі" (с. 47). На карце не пазначаны храналагічны перыяд, таму сарказм рэцэнзентаў наконт "дынамізму і развіцця гістарычных падзеяў" не можа быць прыняты. Сапраўды, рассяленне славян дадзена да X в. (уключна), а арыял пражывання балтаў - ў ХІІ ст., што адпавядае дадзеным літоўскіх даследчыкаў. Далей рэцэнзенты, чамусці без крытыкі, робяць апісанне зместу карты. Між іншым, да пазначэння, напрыклад, племянных цэнтраў славян можна было прычапіцца. Таксама праскочыла прыналежнасць віслянаў да заходніх славян, але штучны падзел славян на тры галіны не трэба адносіць да праілюстраванага перыяду. Дрэнна прасочваецца мяжа рассялення паміж дрыгавічамі і радзімічамі. Як на станоўчае хачу звярнуць увагу на тое, што славяне рассяляюцца па Беларусі не толькі з поўдня, як патрабавалася лічыць раней і што дрыгавічы толькі прасоўваюцца да Буга, а не пануюць там.

„Усходняя Еўропа ў другой палове ІХ - ХІ ст. Славянскія дзяржавы" (с. 48). У аўтарскай назве карты фігуруе толькі другая палова ІХ - Х ст. Адкуль з'явілася ХІ ст. - загадка. Трэба глядзець, у які час балгары і русы не славяне. Для балгар раней, для русаў пазней назвы вугра-фінскага і скандынаўскага этнасаў (адпаведна) распаўсюдзіліся на славянскія народы. Балгарскае царства і Старажытная Русь - гэта, безумоўна, славянскія дзяржавы. На карце не пазначаны легендарныя падзеі, яна носіць навуковы характар. І скандаліць з гэтай прычыны, рабіць палітычныя высновы не трэба. Вельмі цяжка, нягледзячы на рэальнасць існавання, вызначыць межы княства Рагвалода. Тут не могуць дапамагчы ні праца Г.М. Семянчука, ні даследаванні В.М. Ляўко, заснаваныя на археалагічных дадзеных.

"Княствы на тэрыторыі Беларусі ХІ-ХІІ стст." (с. 50), "Полацкая зямля ў ваенна-палітычных падзеях ХІ ст." (с. 51) і "Полацкая зямля ў ваенна-палітычных падзеях ХІІ ст." (с. 52). Наогул, мяжа паміж Полацкай і Наўгародскай землямі ў старажытнарускі перыяд не сфарміравалася. Гэта адзначана ў карце на с. 50. А тое, што межы паміж картамі В.Л. Насевіча і маімі не супадаюць - вынік той акалічнасці, якая апісана вышэй. Уладанні Полацка ў Ніжнім Падзвінні - Герцыке і Кукенойс паўстаюць толькі ў канцы XII ст. "Агульнапрынятасць" распаўсюджвання полацкіх уплываў да Балтыўскага мора - даволі рашучае заяўленне, не падмацаванае спасылкай на крыніцы або даследаванні (у адрозненне ад сцвярджэння пра існаванне ўмацаваных паселішчаў Герцыке  і Кукенойс, якія, на самой справе, узніклі яшчэ раней за другую палову ХІ ст.). Падрабязна гісторыя Ніжняга Падзвіння разглядаецца ў карце на с. 53, і заявы пре нейкі "страх" аўтара перад тым, каб паказаць валоданне нашымі продкамі землямі па-за сучаснай граніцай Беларусі, трэба расцэньваць толькі як неабходны кампанент галаслоўнага абвінавачвання. У карце на с. 52, як і на ўсіх папярэдніх і ў большасці наступных пазначаны толькі тыя населеныя пункты, што згадваюцца ў пісьмовых крыніцах. Таму і няма пакуль Герцыке і Кукенойс на с. 52. Але, прабачце, калі проста паглядзець на карту, ды можна ўбачыць шэраг плямёнаў, якія сплачвалі даніну полацкім князям. І як тады расцэньваць маю "марскую хваробу"? Можа камусці трэба лячыць "курыную слепату"? Да таго ж залежнасць прыбалтыйскіх плямёнаў ад Полацка яшчэ не сведчыла аб прыналежнасці іх тэрыторыі нашым продкам. Што тут казаць: непрыгожа, але рэцэнзенты пераходзяць рысу, за якой перапыняецца навука, а пачынаецца палітыка, пры чым з шавіністычным адценнем.

"Княствы на тэрыторыі Беларусі ХІ-ХІІ стст." (с. 50). Сапраўды, гэтая карта эксперыментальная. Цікава, чаму, па меркаванню рэцэнзентаў, "дадзеная карта не апраўдала выказаных вышэй дэклярацый"? Няўжо "няпэўныя межы" датычацца толькі Полацкай зямлі? А калі паглядзець вакол уважліва? Яны прысутнічаюць у шмат якіх княстваў. Лясныя зоны не толькі выбарачныя (гэта відаць з із пазначэння ў легендзе да карты - "межавыя лясы"), але і, на самой справе, адлюстроўваюць сучасны іх стан. Працэс каланізацыі таксама даволі добра раскрыты. Тут ёсць засвоеныя (да гэтага пустыя) і акняжаныя (дагэтуль непадуладныя князям) тэрыторыі па розных перыядах, неасвоеныя (якія засталіся ў пустэчах) і неакняжаныя (якія не падпарадкаваліся княжацкай уладзе) за ўвесь час землі. Безумоўна, асаблівая увага надаецца беларускім землям, але падрабязна пазначаны і суседзі. Гэта невернае ўяўленне, што "нават у глухіх лясах нейкая межа вызначалася". Не, не вызначалася, а існавалі поласы незанятых, незасвоеных, або прыродна адасобленых зямель, якія ўмоўна служылі межамі. Такая з'ява была вельмі распаўсюджана нават да Новага часу. Калі нехта бярэцца за рэцэнзію на гістарычны атлас, дык ён павінен мець хоць пачатковыя веды пра тое, што сабой уяўлялі межы старажытных дзяржаў. А вось наконт няўдалага спалучэння летапісных паведамленняў і вынікаў археалагічных даследаванняў адносна населеных пунктаў згодны. Калі даваць археаланічныя дадзеныя, дык не выбарачна, а для ўсіх. Але нанесці шэраг населеных пунктаў і пазначыць час іх узнікнення патрабавалі ад мяне археолагі Інстытута гісторыі. Я пагадзіўся.

Цудоўна, што ніхто не заўважыў сур'ёзнага недахопу карты. Тут справа, канешне, не ў пазіцыі Інстытута гісторыі, ці асабіста маёй. Так казаць некаррэктна, бо пазначэнне ўпамінання першага князя ў Полацку было прапушчана з-за звычайнай нядбайнасці. А вось "галоўнае", г. зн. напісаннне назваў населеных пунктаў "па-расейску", выканана сумленна. Так здарылася, што летапісцы не пісалі па-беларуску, а летапісныя назвы - гэта назвы па-руску. Ёсць жаданне спытаць у рэцэнзентаў, якую з расійскіх моваў яны маюць на ўвазе? У карце, адпаведна з прынцыпам гістарызму, пра які рэцэнзенты, напэўна, не ведаюць, прадстаўлены тагачасныя назвы населеных пунктаў. Між іншым, побач пазначаны і сучасныя назвы, з гэтай прычыны наогул незразумелы сэнс таго крыку, што падымаюць рэцэнзенты.

Далей тон рэцэнзіі прымае характар, які ўжо зусім не адпавядае маштабу заўважаных недахопаў Атласа. "Нічуць не лепей" адлюстраваны на картах захад Беларусі. Значыць, усё было дрэнна і ў іншых месцах? Дробная памылка ў даце ўзяцця Берасця на карысць Польшчы ў 1020 г. перарастае ў вялікую агіду "Вялікага" Падляшша. Між іншым гэта з Берасцейскай зямлі яно вылучылася, а не Берасце ўваходзіла ў склад апошняга. Цёмны аўтар карт аб ваенна-палітычных падзеях ХІ-ХІІ ст. Полацкай зямлі павінен быў зрабіць асобныя карты па падзеях, якія самі рэцэнзенты добра сабе не ўяўляюць (гл. пра напад Яраслава на Берасце), прапануюць переўтварыць Полацкае княства ў марскую дзяржаву, а Берасце і часова Драгічын перадаць Менску! Сапраўды, у адносінах да Драгічына (на аўтарскай так, але як вынік каардынацыі карт між сабой - Драхічын) на мяне паўплывала пазіцыя польскіх картографаў. Няма сумненняў, што свой рэгіён, скажам, Алег Латышонак ведае лепш, але яго даследавання па ранняй гісторыі Падляшша я на жаль не ўбачыў. І вось з аднаго назірання вынік: тое самае прыславутае разбазарванне зямель Беларусі, імкненне аўтара аддаць усе нашыя землі суседзям. Засталося вызначыць адкуль у яго такое імкненне? Цікава, што асобны абзац з абвінавачваннем у фактычнай здрадзе інтарэсам Беларусі трапляе акурат пасярод тэксту, у якім ідуць разумныя разважанні наконт часу прыналежнасці Драгічына Польшчы. З імі можна пагадзіцца, але адкуль раптам узнікае вось той самы абзац. Такое ўражанне, што ён штучна прасунуты ў тэкст рэцэнзіі, што спачатку яго не было. Наогул, калі прыбраць усялякага роду каляпалітычныя дэкларацыі і галаслоўныя сцвярджэнні, дык рэцэнзія пачынае выглядаць цалкам навукова, нават цікава і прыемна.

Не знайшлося, што казаць рэцэнзентам пра наступныя карты (с. 53-55), зноў створаныя мной. А там, між іншым, ёсць праблемы. Дзе былі манголы на Беларусі, што захапілі, як выглядалі палітычныя межы беларускіх зямель? Спачатку наогул планавалася не пазначаць аніякіх межаў на значнай тэрыторыі, бо крыніцы пра іх маўчаць. Але цяжка ўявіць сабе ў атласе па гісторыі Беларусі карту, у якой тэрыторыя Беларусі закрыта белай плямай.

Чарговы раздел Атласа „Вялікае княства Літоўскае" быў апрацаваны ў асноўным В.Л.  Насевічам і В.М. Цемушавым. Удзел У.І. Канановіча быў нязначны. А вось іншых аўтараў таксама трэба было ўзгадаць: В.Ф. Голубеў і Ю.М. Бохан. Чамусці апошні не быў пазначаны сярод аўтараў Атласа, але менавіта ему належыць план Грунвальдскай бітвы (с. 67). Пры стварэнні карт раздзела адбылося сваеасаблівае размеркаванне паміж мной і В.Л. Насевічам. Я ў большасці выпадкаў адказваў за ўсходнюю і паўднёвую часткі карты (ад Пскоўскай зямлі праз Полацк, Віцебск, Оршу, Смаленск, Мсціслаў, Бранск, Кіеў, Уладзімір Валынскі да Польшчы), а Вячаслаў Леанідавіч - за захад (сучасная Літва, Ордэн, большасць беларускіх земляў). Карты, якія ішлі нават у сааўтарстве, я спачатку рабіў поўнасцю сам, а потым сёе-тое выпраўляў на свой густ другі аўтар. Зараз я не пазнаю пэўныя рэгіёны на картах - яны былі значна перапрацаваны. Першыя праўкі яшчэ ўзгадняліся са мной, але потым я быў адсунуты ад працэсу "паляпшэння" карт. Шмат чаго мне не спадабаецца, але я запазычваў дадзеныя пры адлюстраванні, напрыклад Ордэна, ці Літвы, у літоўскіх, польскіх і нямецкіх даследчыкаў, таму не буду вырашаць, чыі погляды больш адпавядаюць рэцаіснасці: іх, або В.Л. Насевіча. Між іншым, рэцэнзенты даюць станоўчую адзнаку раздзелу, звяртаючы ўвагу на асобнае пазначэнне рускіх княстваў і зямель, што раней ніколі не рабілася. Але, па словах рэцэнзентаў, у картах раздзела ёсць "шмат недахопаў". Паглядзім уважліва, шмат іх, ці не, а таксама, ці маюць яны такое вялікае значэнне, каб рабіць глабальныя высновы цалкам па Атласу.

„Утварэнне Вялікага княства Літоўскага. 1245-1315 гг." (с. 60). „Вялікае княства Літоўскае і Каралеўства Польшча. 1377-1392 гг. Крэўская унія" (с. 62). „Максімальнае пашырэнне Вялікага княства Літоўскага ў часы Вітаўта. 1392-1430 гг." (с. 64). Не ведаю, што здарылася, але на аўтарскім (маім) варыянце карты Дзяволтва ёсць. Падляшша на картах пазначаецца, таксама, як і некаторыя іншыя рэгіёны, назвы якіх доўгі час не згадваюцца ў крыніцах. Магчыма гэта, сапраўды, недахоп методыкі стварэння гістарычных карт, але мне ўяўляецца нармальным. Цікавыя дапаўненні па часу далучэння Падляшша да ВКЛ, але, чамусці, самі рэцэнзенты вырашаюць не крытыкаваць тое, што наконт гэтага пытання адзначана на картах. У адлюстраванні межаў як Падляшша, так і разам шмат якіх сярэдневяковых дзяржаў ва Усходняй Еўропе існуюць вялікія праблемы. Але на іх рэцэнзенты не звяртаюць увагі - нічога не ведаюць.

„Вялікая вайна 1409-1411 гг. Бітва пад Грунвальдам 15 ліпеня 1410 г." (с. 66-67). Трэба зноў адзначыць, што аўтарам плана Грунвальдскай бітвы з'яўляецца вядомы даследчык ваеннай гісторыі Беларусі Ю.М. Бохан. Практычна ідэнтычны план быў размешчаны шмат ў якіх выданняў. Напрыклад, рэцэнзенты маглі заўважыць яго ў "Гістарычным атласе Беларусі", складзеным у выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя" - гэтае выданне яны ведаюць. "Па-беларуску гэтая бітва называецца „пад Дуброўнай"", - сцвярджаюць рэцэнзенты і выяўляюць сваё слабае ўяўленне аб ходзе падзей 1410 г. Справа ў тым, што бітва адбывалася ў наваколлі трох пунктаў: Грунвальд, Таненберг, Лодвігава. Яна шмат калі называецца таксама Таненбергскай. А вось пад Дуброўнай яна ўзгадваецца толькі ў хроніцы Быхаўца. Дамброўна (па-нямецку: Гільгенбург) - гэта бліжэйшы найбольш значны пункт каля месца бітвы. Такім чынам, па такой логіцы, напрыклад, бітва пры Ватэрлоа павінна называцца Брюсэльскай. Цікавая прапанова. Літоўска-мазавецка-крыжацкае памежжа пазначана на карце даволі ўдала, у адпаведнасці з крыніцамі. Аўтарская памылка - аднесенне для адлюстраванага на карце часу Дарагічынскай зямлі да Мазавецкага княства. Калі рэцэнзенты лічаць, што войскі ВКЛ збіраліся ў балоце, дык чаму драгічынская і мельніцкая харугвы, па іх меркаванню, павінны рухацца напрамкі праз непраходныя лясы? Дата далучэння 12 харугваў, дасланых Ягайлам, да войска Вітаўта няўдала пастаўлена каля першых стрэлак, яе трэба прасунуць у іншае месца. Канцэнтрацыя войскаў каля Бельска - цікавая гіпотэза, але не ва ўсім удалая. План Грунвальдскай бітвы цалкам зразумелы для чытача, а што тычыцца смаленскіх палкоў, дык зноў рэцэнзенты праяўляюць навуковы дылетантызм. Наіўна бачыць сярод іх віцебскую і аршанскую харугвы.

„Вялікае княства Літоўскае ў 1430-1440 гг. Міжусобная вайна" (с. 68-69). Як на карце пазначыць тое, што прапануюць рэцэнзенты, цяжка казаць, самі яны не растлумачылі.

Цікава, што шэраг наступных карт не вызваў заўваг рэцэнзентаў.

„Узаемаадносіны ВКЛ з Вялікім княствам Маскоўскім і Крымскім ханствам. 1487-1537 гг." (с. 74). Першапачаткова карта мела назву "Барацьба супраць экспансіі маскоўскай дзяржавы і набегаў крымскіх татар. 1487-1527 гг." Сапраўды, пачатак Падляшскага ваяводства трэба адлічваць ад з'яўлення ваяводы, г.зн., ад 1513 г., хоць самі рэцэнзенты прызнаюць і 1520 г., пазначаны на карце. Берасце, адпаведна з большасцю крыніц (перш за ўсё, па шматлікім дакументам Метрыкі ВКЛ) і насуперак меркаванням польскіх даследчыкаў, ужо з пачатку XVI ст. існавала асобна ад Падляшша. Дадаткова тут можна спаслацца на аўтарытэты М.К. Любаўскага і М.Ф. Спірыдонава. Далёка не ўсе, нават значныя паходы маскоўска-літоўскіх памежных войнаў, пазначаны на карце. На самой справе, наогул трэба было разбіць яе на шэраг карт.

„Рэч Паспалітая паводле Люблінскай уніі" (с. 82). Гэту карту рабіў В.Л. Насевіч, але і ў 2-і том пойдзе карта за аўтарствам М.Ф. Спірыдонава і маім, прысвечаная менавіта 1569 г. У апошняй будуць больш падрабязна адзначаны абставіны і наступствы Люблінскай уніі.

Вось і ўсё, што тычыцца карт, да стварэння якіх я маю нейкія адносіны. З задавальненнем можна канстатаваць, што маштаб амаль усіх заўваг вельмі дробны, а іх агульная колькасць нязначная. Дзе яны, гэтыя "зашмат памылак і недахопаў", пра якія цвердзяць рэцэнзенты? Што характэрна, рэальныя праблемы гістарычна-геаграфічнай кампаненты Атласа не закрануты. Рэцэнзенты засяродзіліся на крытыцы некалькіх дат, падзей, назваў. І гэта ўсё. Была таксама заяўлена спроба знішчэння канцэпцыі Атласа. Але штосці яе так і не адбылося. У выніку ў рэцэнзентаў няма сур'ёзных падстаў для тых высноў, якія ўжо загадзя праявілі сабе ў пачатку і ўзніклі ў канцы тэксту рэцэнзіі.

Цікава, што сярод тэксту можна пабачыць станоўчыя адозвы пра шмат якія карты і нават поўнасцю раздзелы. Вось прыклады. Першы раздзел Атласа („Першабытнае грамадства") "выкананы на высокім навуковым yзроўні і поўнасцю адлюстроўвае сучасны стан беларускай археалогіі па пытаннях першабытнай археалогіі". Наступны раздзел Атласу („Перыферыя антычнай і раннесярэднявечнай цывілізацыі") хоць і жорстка крытыкуецца, але спачатку заяўлены як "вялікі прагрэс у адносінах да атласу з "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі"". Трэці раздзел („Старажытная Русь") толькі з-за сваёй канцэптуальнай непаўнавартасці вызывае абурэнне рэцэнзентаў. Чарговы раздзел („Вялікае княства Літоўскае") нібыта таксама нічога дрэннага не ўтрымоўвае. Апошні раздзел (генеральная карта „Беларускія землі ў ХVІ ст.") наогул называецца подзвігам М.Ф. Спірыдонава. Большасць заўваг з'яўляецца менавіта заўвагамі і прапановамі і не нясе адмоўнага сэнсу. Што ж здарылася з рэцэнзіяй у выніку? Можа яшчэ нейкая рука, апрача двух рэцэнзентаў, прайшлася па тэксту, выкінула адны і дадала іншыя агульныя высновы?

Такім чынам, папярэднія заўвагі аб агульным уражанні ад Атласа і канчатковыя высновы выводзяцца не з унутранага тэксту і непасрэдных назіранняў за зместам карт, а з паветра, асобна, знянацку і неяк збоку. Уважлівы чытач па гэтай рэцэнзіі можа яшчэ раз упэўніцца ў вялікай вартасці сапраўды "Вялікага гістарычнага атласа Беларусі", аналагаў якому няма ў нашых суседзяў.

Напрыканцы рэцэнзіі мы бачым некалькі палітычных дэкларацый, якія па сутнасці не маюць адносінаў да Атласа, і, на самой справе, складваюць вельмі негатыўнае ўражанне аб саміх аўтарах. Чаго каштуе толькі параўнанне складальнікаў Атласа з акупантамі, ці, нават, людзьмі, якія горш, чым акупанты? З якой прычыны ўзнікае абвінавачванне ўсяго Інстытута гісторыі НАН Беларусі ў пазбаўленні Беларусі "сваіх старажытных дзяржаўных каранёў"? На чым заснаваны сцвярджэнні пра шматлікія парушэнні ў Атласу прынцыпаў гістарычнай карты - графічнай дакладнасці і колеравай палітры? Апошняя сэнтэнцыя наогул не мае сэнсу. Самі рэцэнзенты папраўляюцца - з колеравай палітрай усё нармальна. А вось з "графічнай даскладнасцю" бяда. Але калі пішаш пра тое, што "межы археалагічных культур альбо сярэднявечных дзяржаўна-адміністрацыйных утварэнняў маляваліся абы як", дык пратлумач гэта прыкладамі. Дзе і што "кідаецца ў вочы"? Чамусці ў тэксце рэцэнзіі нічога падобнага на вочы рэцэнзентам не трапілася. Цалкам некаррэктная на ўзроўні абразы выснова пра "эксперыментальны характар" Атласа, які праявіўся ў ігнараванні даследаванняў апошніх дзесяцігоддзяў. Здаецца, праігнараваны не ўсе даследаванні, а толькі тыя, што прымаюцца рэцэнзентамі, "ідэалагічна правільныя" з іх пункту гледжання. Вось гэтым заклапочаны гора-рэцэнзенты. Галаслоўным і цалкам ілжывым выглядае перадапошняе сцвярджэнне аб растраце дзяржаўных грошаў. Рэцэнзенты ў канцы робяць заяву, што стварэнне карт па старажытнай і сярэднявечнай Беларусі застаецца і "надалей актуальнай і вельмі патрэбнай" справай. Іх, нават, не задавальняе "незалежны" "Гістарычны атлас Беларусі", выдадзены ў Польшчы. Што ж, цікава будзе пабачыць хоць штосці, зробленае рэцэнзентамі.

А пакуль, нягледзячы на відавочнае зайздрасце пэўнага кола "свядомых" гісторыкаў, нягледзячы на сапраўды існуючыя недахопы, "Вялікі гістарычны атлас Беларусі" застаецца найбольш значным навуковым картаграфічным выданнем па гісторыі Беларусі.



[1] Вялікі гістарычны атлас Беларусі. Т. 1. Мн., "Белкартаграфія", 2009.

[2] Гістарычны Атлас Беларусі. Том 1. Беларусь ад старажытных часоў да канца XVIII ст. Варшава-Мінск, 2008.

[3] Беларусь: Народ. Государство. Время / Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории; редкол.: А.А. Коваленя [и др.]. Минск, 2009.

 

Страницы: 1 · 2 · 3



Сайт Виктора Темушева.

Поиск

Облако тегов

беларусь «великая война» «великое княжество московское» «великое княжество тверское» «верховские княжества» витовт вкл воротынск «восточная европа» «вяземские князья» «вяземское княжество» «вялікі гістарычны атлас беларусі» «галицко-волынское княжество» «гомельская земля» граница границы «грюнвальдская битва» «дмитрий донской» дмитровец «древняя русь» «институт истории» «историческая география» карты «киевская земля» «киевская русь» крошинские «куликовская битва» любутск метельский «московско-литовская война» «московско-литовская граница» «московское княжество» «нойбургские владения» «первая мировая война» «пограничная война» «полоцкое княжество» поугорье «речь посполитая» «ржевская земля» «российская империя» россия русь «северо-восточная русь» славяне спиридонов «средние века» «стародубская война» «тарусское княжество» чума ягайло