Сегодня порадую своими оставшимися статьями из Энциклопедии ВКЛ, которые по каким-то причинам до сих пор не выложил на сайте. Статьи посвящены нескольким регионам, отдельным блоком из которых выделяется Северщина. Смотрите также большие статьи о Рязанском княжестве, Валахии, Торопецком повете ВКЛ и т.д.

Продолжение:

Пожалуй, не стоит давать каждому маленькому тексту свою страничку, поэтому для ориентирования даю сразу список размещенных ниже статей.

Бельское княжество, Велиж (есть вариант на русском языке), Валашское княжество, Дикое Поле, Новгород-Северское княжество, Рязанское великое княжество, Северская земля, Стародубское княжество (в самой статье в скобках дал сокращенный текст), Торопецкий повет (+ полный вариант), Чернокунство.

Представленные регионы: Северщина, северо-восточные территории ВКЛ, соседние с ВКЛ государства (Валахия, Рязанское княжество). Все статьи на белоруском языке (к Велижу есть вариант на русском), даны в авторской редакции, кое-где в более полном, чем в публикации, виде. Будьте осторожны со ссылками. Может оказаться, что какие-то факты в Энциклопедии ВКЛ отсутствуют, хоть есть в авторских вариантах моих статей.

 

Бельскае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.1: Абаленскі–Кадэнцыя. – Мн.: БелЭн, 2005. – С. 309.

БЕЛЬСКАЕ КНЯСТВА - Горад Белая да першай паловы XIV ст. уваходзіў у склад Смаленскага княства. Але паводле летапіснага паведамлення 1359 г. становіцца вядома аб тым, што «смальняне ваявалі Белую». Відавочна ў гэты час г. Белая ўжо з'яўляўся часткай ВКЛ. Між іншым, адваяваць Смаленскаму княству сваі былыя ўладанні не ўдалося. Белая стала цэнтрам удзельнага княства ў пачатку XV ст., калі велікі князь літоўскі Вітаўт вызначыў уладанні для сына князя Ўладзіміра Альгердавіча Івана, які з'явіўся заснавальнікам літоўскай дынастыі князёў Бельскіх. У склад княства ўвайшлі землі ўздоўж вярхоўяў р. Мяжы і яе левых прытокаў Бярозы, Лучэсы і Обшы, а таксама самыя вярхоў'і р. Дняпро. Шэраг воласцяў (Старцава, Рожна і Бібірава) знаходзіўся ў сумеснам уладанні Таропецкага павета і Бельскага княства. Заснаванае княства, таксама як і Вяземскае і Вярхоўскія княствы, стала сваеасаблівым буферам паміж асноўнай тэрыторыяй ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Адміністрацыйна Бельскае княства па-ранейшаму адносілася да Смаленска - цэнтра асобай ваеннай акругі, створанай для супрацьстаяння Маскве. Пасля смерці князя Івана Ўладзіміравіча (пасля 1446 г.) Бельскае княства перайшло яго сынам Фёдару і Сямёну. У 1482 г., у сувязі з удзелам у сарванай "змове князёў", Фёдар Іванавіч збег у Маскву, а частка яго ўладанняў была пакінута Казімірам IV за ягоным братам Сямёнам. У 1500 г. са сваею вотчынаю на службу ў Маскву ад'ехаў і князь Сямён Іванавіч. Бельскія землі на той момант не былі далучаны да Маскоўскай дзяржавы, а князь Фёдар Іванавіч атрымаў ад вялікага князя маскоўскага Івана III новую вотчыну са складу наўгародскіх зямель з цэнтрам у Марэве. Уладанні Фёдара Іванавіча (воласці Веліла, Марэва і інш.) знаходзіліся на мяжы з Таропецкім паветам, а сам князь выкарыстоўваўся маскоўскім урадам для барацьбы супраць ВКЛ. Только па 6-гадоваму перамір'ю 1503 г. горад Белая з валасцямі апынуўся ў складзе ВКМ. Не маючы надзеі на вяртанне горада, ў 1508 г. літоўскія войскі спалілі Белую. Канчаткова Бельскае княства была далучана да Масквы паводле "вечнага міру" 1508 г.

Літ.: Lietuvos Metrika - Lithuanian Metrica - Литовская Метрика. - V., 1993. - Kn. 5: (1427-1506); Базилевич К.В. Внешняя политика Русского централизованного государства (Вторая половина XV века). М., 1952; Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута. М., 1892; Любавский М.К. Образование основной государственной территории великорусской народности (заселение и объединение центра). Л., 1929; Памятники истории Восточной Европы. Источники XV-XVII вв. Т.2. М.; Варшава, 1997; Янин В. Л. Новгород и Литва: пограничные ситуации XIII - XV веков. М., 1998; Pietkiewicz Kr. Wielkie księstwo Litewskie pod rządami Aleksandra Jagiellończyka. Studia nad dziejami państwa I społeczeństwa na przełomie XV i XVI wieku. Poznań: Wydawnictwo naukowe, 1995. / Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Seria Historia nr 185.

Віктар Цемушаў

 

Веліжская воласць // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.1: Абаленскі–Кадэнцыя. – Мн.: БелЭн, 2005. – С. 400.

ВЕЛІЖ - таропецкая воласць па суседству з віцебскімі і смаленскімі землямі. Вядома з канца 14 ст. Цэнтр - на р. Зах. Дзвіна. У 1503 г. Веліж становіцца памежавым пунктам паміж ВКЛ і ВКМ. У тым годзе, паводле дамовы вялізны раён вярхоўяў Заходняй Дзвіны і Дняпра адышоў да Масквы. Веліжскія землі сталі актыўна засяляцца дваранамі - ураджэнцамі цэнтральных маскоўскіх паветаў. У выніку вайны 1512-14 гг. і перамір'я 1522 г. граніца к поўдню ад Веліжа значна адсунулась на паўднёвы захад за кошт смаленскіх зямель, далучаных да Масквы. Аднак на захадзе знаходзіліся віцебскія землі, па-ранейшаму належачыя ВКЛ. Такім чынам памежавае становішча Веліжа захоўвалось. Ужо ў 1522 г. адбылося нападзенне віцебскага намесніка на Веліж. Улетку 1536 г. таропецкія памешчыкі "ставілі" горад на Веліжы (драўляны замак з 9 вежамі). Спроба ў канцы таго ж года зруйнаваць Веліжскую крэпасць скончылася правалам. Веліж набыў ролю аднаго з галоўных апорных пунктаў і месцам засяроджання войскаў, якія дзейнічалі супраць ВКЛ. У 1580 г. Веліж быў захоплены войскамі Стэфана Баторыя. Па умовах Ям-Запольскага перамір'я ён захаваўся за Рэччу Паспалітай - адзіны з расійскіх гарадоў. Але на практыцы, перадавая РП горад Веліж, расійскі бок адмовіўся ўступіць усю тэрыторыю Веліжскай воласці, заяўляючы, што яна здаўна з'яўляецца таропецкай. Узнікае так званая "веліжская спрэчка". Шэраг запланаваных памежавых з'ездаў па веліжскай праблеме так і не адбыўся, а ў пачатку XVII ст., у сувязі з крызісам дзяржаўнасці ў Расіі, спрэчка вырашылася сама сабой: паводле Дэўлінскага пагаднення граніца перасунулася далёка на ўсход ад Веліжа. Ізноў у складзе Расіі Веліж апынуўся ў 1655 г. (Замацаваны па Андрусаўскаму перамір'ю 1667 г.) Адваяваны ў 1678 г. Паводле "вечнага міра" 1686 г. Веліж замацаваны ў складзе ВКЛ, дзе і заставаўся да першага падзела РП у 1772 г.

Віктар Цемушаў

Русскоязычный вариант

ВЕЛИЖ - торопецкая волость, соседствовавшая с витебскими и смоленскими волостями. Центр - на р. Зап. Двина, выше по течению от Суража. Пограничным между ВКЛ и ВКМ Велиж становится в 1503 г., когда по договору 1503 г. обширный район верховьев Западной Двины и Днепра перешел к России.   На витебском участке литовско-московская граница проходила у самого города Велижа. Велижские земли стали активно заселяться дворянами - выходцами из центральных московских уездов. Таким образом преследовалась цель закрепить недавно присоединенные земли за Москвой, а также развивать экспансию на соседние земли, еще остававшиеся за ВКЛ. В результате войны 1512-1514 гг. и перемирия 1522 г. граница к югу от Велижа значительно отодвинулась к юго-западу за счет смоленских земель, присоединенных к Москве. Однако на запад от Велижа лежали витебские земли, остававшиеся за ВКЛ.  Т.о. пограничное положение Велижа сохранялось. Уже в 1522 г. последовало нападение витебского наместника на Велиж. Летом 1536 г. торопецкие помещики «ставили» город на Велиже (деревянный замок с 9 башнями). Попытка в конце того же года разгромить Велижскую крепость закончилась провалом. Велиж становился ключевым опорным пунктом московской стороны на ее западных границах и местом сосредоточения войск, действовавших против ВКЛ. (В ходе Ливонской войны в 1562 г. - нападение на Велиж). За Велиж продолжалась борьба. В 1580 г. он был взят войсками Стефана Батория. После Ливонской войны по условиям Ям-Запольского перемирия 1582 г. Велиж отошел к Речи Посполитой - единственный из российских городов. Но на практике, передавая РП город Велиж, российская сторона отказалась уступить всю территорию Велижской волости, заявляя, что она издавна является торопецкой. Возникает так называемый «велижский спор». Ряд намечавшихся пограничных межевых съездов по велижской проблеме так и не состоялся, а в начале XVII в., в связи с кризисом государственности в России, спор решился сам собой, так как по Деулинскому перемирию граница передвинулась далеко на восток от Велижа. Вновь в составе России Велиж оказался в 1655 г. (1667 г. согласно с Андрусовским перемирием). Отвоеван ВКЛ в 1678 г. По «вечному миру» 1686 г. Велиж утвержден в составе ВКЛ, где оставался до первого раздела РП 1772 г.

Виктор Темушев

 

Валашскае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.1: Абаленскі–Кадэнцыя. – Мн.: БелЭн, 2005. – С. 381.

ВАЛАШСКАЕ КНЯСТВА (Уграўлахія, Мунцянская зямля, Румынская зямля, зямля Басараба, у турэцкіх дакументах - Іфлака, Кара Іфлака, з 15 ст. распаўсюдзілася назва Валахія), феадальная дзяржава ў Дунайскім рэгіёне. Разам з Малдаўскім княствам насіла агульную назву Дунайскае княства. Сталіца - першапачаткова Курця-дэ-Ардзэш, з 1383 Бухарэст. Утварылася ў пачатку XIV ст. у выніку аб'яднання некалькіх валашскіх дзяржаўных аб'яднанняў (кнезатаў). Тэрыторыя Валашскага княства была заціснута паміж Дунаем (з поўдня і захада) і перадгор'ямі Паўднёвых Карпат (з поўначы) і паступова павялічвалася на ўсход (у раён вусцяў Дуная) і паўднёвы ўсход (у раён паміж Усходнімі Карпатамі і прытокам Дуная р. Сірэт). З 1344 было ў васальнай залежнасці ад венгерскага караля. Пасля Крэўскай уніі Польскага каралеўства і ВКЛ 1385 абазначылася збліжэнне абедзвюх дзяржаў з Валахіяй у сувязі з антывенгерскай накіраванасцю іх палітыкі. У 1380 заключаны польска-валашскі дагавор супраць Венгрыі. У 1403 валашскі ваявода Мірча Стары зацвердзіў пагадненне са "сваім сябрам Ягайлай". Такое ж пагадненне было заключана ў 1411. Са з'яўленнем асманскай небяспекі Валахія выяўляе больш зацікаўленасці ў збліжэнні з Венгрыяй для сумесных дзеянняў супраць туркаў. Валашскае княства няўдала ўключылася ва ўнутранюю барацьбу ў Асманскай імперыі і, каб пазбегнуць нашэсця, ў 1413 вымушана было пайсці на выплату асманам даніны. Спробы пазбавіцца асманскай залежнасці шляхам прыняцця венгерскага ці польскага сюзеренітэта заканчваліся няўдачамі. Неаднаразова Валашскае княства вымушана было плаціць даніну двум, а то і тром бакам. Трапіўшы ў залежнасць ад турэцкага султана, Валахія захавала свой дзяржаўны лад і мясцовае кіраванне. Аўтаномнай заставалася і царква, непасрэдна падначаленая Канстантынопальскай патрыархіі. Порта мела права зацвярджаць на валашскі стол гаспадароў, якіх высоўвала мясцовае баярства. З канца 16 ст. апошняе стала неабавязковым. Валашскія гаспадары былі абавязаны пасылаць у Стамбул у якасці заложнікаў сыноў або бліжэйшых сваякоў. Знешняя палітыка Валашскага княства была поўнасцю падпарадкавана Порце. Якія-небудзь захады ў знешняй палітыцы былі магчымы толькі тады, калі яны не супярэчылі інтарэсам султана. Больш-меньш самастойнымі былі сувязі Валахіі з Малдовай, Сяміграддзем (Трансільваніяй) і Крымскім ханствам. Адносіны з Польшчай і Літвой знаходзіліся пад поўным кантролем з боку Османскай імперыі і зводзіліся да ўрэгулявання памежных спрэчак. З апошніх найбольш значнай для Валахіі была кілійская праблема. Як адна з асноўных яна разглядалася на з'ездзе ў Луцку ў 1429. Венгерскі і літоўскі бакі нават прапанавалі перадаць Кілію тэўтонскім рыцарам для іх барацьбы з асманамі. Пытанне аб Кіліі было аддадзена на арбітраж Вітаўта. У 1429 у Троках сабраліся валашскія і малдаўскія прадстаўнікі, але апошнія адмовіліся падпарадкоўвацца Вітаўту. Перагаворы скончыліся безвынікова. Кілія належала папераменна Валахіі, Малдове, Венгрыі, але ў 1484 была канчаткова захоплена асманамі. У канцы 16 ст. Валашскае княства становіцца цэнтрам антыасманскай барацьбы. Але, уцягнуўшы на свой бок Семіграддзе і Малдову, валашскі гаспадар вызваў процідзеянне Рэчы Паспалітай. Польска-татарскі рэйд гетмана Яна Замойскага парушыў планы валашскага гаспадара. Малдова і Валахія былі захоплены і сталі на кароткі час васаламі Рэчы Паспалітай. Такім чынам, рукамі Рэчы Паспалітай Турцыя знішчыла свайго галоўнага ворага. Пасля гэтага асманскі ўплыў на Валашскае княства быў хутка адноўлены (1601). У 1634 Асманская імперыя і Рэч Паспалітая заключылі пагадненне, паводле якога апошняя абавязалася не рабіць нічога, каб адарваць Валахію ад асманскіх уладанняў. Пад час Хмяльніччыны Валашскае княства заключыла пагадненне з украінскім гетманам, да якога станоўча ставілася Порта, бо ёй было выгадна аслабленне Рэчы Паспалітай. Султан нават выслаў загад Валахіі дапамагаць украінскаму гетману ў барацьбе супраць Рэчы Паспалітай. Вызваленне Валашскага княства з-пад асманскай няволі і стварэнне Румынскай дзяржавы адбылося ў другой палове 19 ст. У 1858 у выніку перамоў на Парыжскай канферэнцыі было вырашана аб'яднаць Дунайскія княствы, што было зроблена ў наступным годзе. У 1862 новая дзяржава атрымала назву Румынія. У 1877 нягледзячы на заяўлены Румыніяй нейтралітэт, Турцыя аб'явіла ёй вайну. У выніку Румынія 21 мая абвясціла незалежнасць сваёй краіны. Паводле Сан-Стэфанскаму дагавору (19 лютага (3 сакавіка) 1878), а пазней Берлінскаму трактату (1 (13) ліпеня 1878) Румынія афіцыйна атрымала незалежнасць і пашырыла свае межы за лік Дабруджы.

Віктар Цемушаў

 

Дзікае поле // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.1: Абаленскі–Кадэнцыя. – Мн.: БелЭн, 2005. – С. 585.

ДЗІКАЕ ПОЛЕ, Поле, гістарычная назва незаселеных тэрыторый, якія прымыкалі з поўдня да рускіх "украйных" зямель. Займала амаль поўнасцю тэрыторыю сучаснага Цэнтральнага Чарназём'я, частку сучаснай Украіны (басейны рэк Северскі Данец, Ворскла і інш.), землі Ніжняга Прыдоння, Сярэдняга і Ніжняга Паволжа. Тэрыторыя Поля ахоплівала, акрамя дзікага стэпу, вялікую частку асвоеных зямель, якія ўваходзілі ў склад Курскага, Ялецкага і, часткова, Разанскага княстваў. Да канца XIV ст. першыя два княства спыняюць сваё існаванне, а іх цэнтры, як і іншыя навакольныя гарады, пераўтвараюцца ў гарадзішчы. У XV-XVI ст. тэрыторыя Поля была ўмоўна падзелена паміж ВКЛ (потым Польскім каралеўствам, Рэччу Паспалітай) і Расійскай дзяржавай. Але гэты падзел не прызнаваўся нашчадкамі Залатой Арды (Вялікай Ардой, Крымскім ханствам), а Поле выкарыстоўвалася імі эпізадычна ў якасці качэўяў (напрыклад, у 1490, 1491, 1501 гг.). Рэальнай улады над тэрыторыяй Поля ні маскоўскі, ні літоўскі бок не мелі. Паводле дамовы 1503 г. вялікая частка Поля намінальна трапіла ў склад Расійскай дзяржавы. Паступова памеры Поля пачынаюць скарачацца. Калі ў першай палове XVI ст. Поле пачыналася адразу ж за Тулай, то ў сярэдзіне таго ж стагоддзя яно адсунулася да адноўленых гарадоў Арла, Данкава, Шацка і інш. З 1571 г. "на Поле" пачынае няспынна дзейнічаць агульнадзяржаўная расійская вартавая служба, арганізатарам якой з'явіўся баярын М.І. Варатынскі. Неўзабаве адбываецца трансфармацыя тэрміна Поле, якім зараз сталі называць тэрыторыю, на якой стаялі расійскія старожы і дзейнічалі раз'езды. Да канца XVI ст. будуецца ці аднаўляецца шэраг гарадоў "на Поле" (Варонеж, Ліўны, Курск, Белгарад, Ялец і інш.), а сама тэрыторыя Поля становіцца часткай расійскіх зямель, рэгіёнам размяшчэння "польскіх гарадоў", месцам гаспадарчай земляробчай дзейнасці. У нізоўях Дона канцэнтруецца аўтаномнае данское казацтва. Такім чынам, у канцы XVI ст. тэрмін Поле губляе першапачатковы сэнс, але працягвае ўжывацца ў якасці абазначэння пэўнага геаграфічнага рэгіёна.

Літ.: Загоровский В.П. История вхождения Центрального Черноземья в состав Российского государства в XVI веке. Воронеж, 1991.

Віктар Цемушаў

 

Ноўгарад-Северскае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2: Кадэцкі корпус–Яцкевіч. – Мн.: БелЭн., 2006. – С. 366.

Ноўгарад-Северскае княства, феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе, удзельнае княства на тэрыторыі Северскай зямлі. Утварылася пасля 1454, калі ў ВКЛ з Ноўгарада праз Пскоў прыбыў сын злейшага ворага вялікага князя маскоўскага Васіля Цёмнага Іван Дзмітрыевіч Шамякін (Шамячіч). Ад Казіміра IV князь атрымаў гарады Ноўгарад-Северскі і, магчыма, Рыльск. Пасля смерці Івана Шамякіна (да 1487) Ноўгарад-Северскае княства атрымалі яго сыны. Апошнія прымалі актыўны ўдзел у ваенных акцыях вялікага князя літоўскага. У 1492-1493 Сямён Шамячыч адваяваў захопленыя ад'ехаўшым у Маскву князем С.Ф. Варатынскім Сярпейск і Мезецк. У 1497 Васіль Шамячыч хадзіў у паход на Малдаўскае княства. У 1499 разам з князямі Сямёнам Бельскім і Сямёнам Мажайскім Васіль Шамячыч увайшоў у змову з Іванам III. Пасля захопу 3.05.1500 Якавам Захар'інам Кошкіным Бранска Васіль Шамячыч прыняў прысягу на імя Івана III. На маскоўскі бок князь перайшоў разам з Ноўгарадам-Северскім і захопленым Рыльскам, а ад Івана атрымаў яшчэ Радагошч і, магчыма, Пуціўль. У 1523 князь Васіль Шамячыч быў западозраны ў здрадзе і апынуўся ў заключэнні, дзе і памёр у 1529. Ноўгарад-Северскае княства было скасавана.

Літ.: Зимин А.А. Витязь на распутье: Феодальная война в России XV в. М., 1991; Кром М.М. Меж Русью и Литвой. Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV - первой трети XVI в. М., 1995; Русина О. Сiверська земля у складi Великого князiвства Литовського. Киïв, 1998; Kuczyński S.M. Ziemie czernihowsko-siewierskie pod rządami Litwy // Prace Ukraińskiego institutu naukowego. Warszawa, 1936. T. 33.

Віктар Цемушаў

 

Разанскае вялікае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2: Кадэцкі корпус–Яцкевіч. – Мн.: БелЭн., 2006. – С. 505.

Разанскае вялікае княства, феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе. Па археалагічных дадзеных сталіца будучага княства Разань была заснавана ў X ст. на р. Аке, у 50 км на паўднёвы ўсход ад сучаснай Разані. Першая звестка аб г. Разані адносіцца да 1096, калі князь Алег Святаславіч у ходзе барацьбы з сынамі Уладзіміра Манамаха прыйшоў у Разань да брата Яраслава за дапамогай. Ужо ў 1097 на Любечскім з'ездзе князёў для князя Яраслава Святаславіча была выдзелена Мурама-Разанскае княства з галоўным горадам Мурамам. Пасля смерці мурамскага князя ў 1129 узнікла Разанскае княства (першы князь - Глеб Расціславіч). У той час яно займала тэрыторыю па абодвух баках р. Акі ў яе сярэднем цячэнні з захватам вярхоўяў р. Дон. Пасля мангольскага нашэсця за лік чарнігаўскіх зямель па р. Протве і яе прытоку Лужы разанская тэрыторыя значна павялічылася. С сярэдзіны XII ст. разанскія князі вялі барацьбу з Уладзіміра-Суздальскім княствам і з канца XII ст. трапілі ў залежнасць ад яго. Канчатковы адыход Разані ад Чарнігава і падпарадкаванне першай уладзімірскім князям знаменавала аддзяленне Разанскай епархіі ад Чарнігаўскай у 1198. З 80-х XII ст. ад Разані адасобіўся Пронскі ўдзел (папераменна існаваў да 1483). Мангольскае нашэсце на Русь, якое пачыналася ў снежні 1237 з разанскіх зямель, прывяло да моцнага спусташэння Разанскага княства. Няглядзячы на зруйнаванне, сталіцай Разанскага княства да другой паловы XIV ст. заставаўся г. Разань (цяпер гарадзішча Старая Разань). З канца XIV ст. сталіцай стаў Пераяслаў-Разанскі (заснаваны ў 1095 князем Яраславам Святаславічам, з 1778 - Разань). З пачатку XIV ст. пачалося актыўнае супрацьстаянне Разанскага вялікага княства з Масквой. Паступова разанскія князі страчвалі свае ўладанні на карысць апошняй. У пачатку XIV ст. ад іх аднялі Каломну і Лапасценскія месцы, у сяр. XIV ст. - "месцы разанскія" ўздоўж р. Протвы і яе прытоку Лужы, каля 1461-1462 - раён Венёва, Цешылава, Растоўцаў у заходняй часткі княства, у 1503 - удзел князя Фёдара Васільевіча са Старай Разанню, які складаў значную частку княства. Па дагавору 1381 граніца паміж Вялікімі княствамі Разанскім і Маскоўскім была сцверджана па р. Аке. Такім чынам, усё левабярэжжа Акі станавілася маскоўскім, хаця на правабярэжжы Масква таксама губляла некаторыя ўладанні (Лапасна, Мсціслаўль і інш.). Новы росквіт княства зведала пры князе Алеге Іванавіче (1350-1402), які, нягледзячы на неспрыяльнае становішча свайго княства, вёў палітыку на роўных ў адносінах з Вялікім княствам Маскоўскім, ВКЛ і Залатой ардой. У 1370 разанскае войска ў складзе маскоўскага выступіла супраць Альгерда. Але ўжо ў 1371 Алег Разанскі часова быў пазбаўлены прастола пасля няўдалай бітвы з маскоўскім ваяводай Дзмітрыем Бабраком-Валынскім. У 1385 на Разань быў ажыццяўлён паход кааліцыі рускіх князёў на чале з Дзмітрыем Данскім. У барацьбе смаленскага князя Юрыя Святаславіча за вяртанне сваёй отчыны Алег Разанскі падтрымаў зяця. У 1395 князь Алег Разанскі разам з князем Юрыем, а таксама князямі казельскім, пронскім і мурамскім ваяваў тэрыторыю ВКЛ. У 1395-1396 Вітаўт у адказ на паходы Алега Разанскага спустошыў Разанскую зямлю. Аслабленне ВКЛ пасля бітвы на р. Ворскле 1399 было выкарыстана разанскімі князямі. У 1401 Алег Разанскі ваяваў Смаленск, у 1402 яго сын Радаслаў хадзіў паходам на Бранск. Разанскія князі першымі сярод рускіх правіцелей адкрыта выступілі супраць Арды. Ужо ў 1365 князі Алег Іванавіч Разанскі, Уладзімір Яраславіч Пронскі і Ціт Казельскі разбілі татарскага князя Тагая пад Шышэўскім лесам. 11.08.1378 войскі Алега Разанскага ўзельнічалі ў бітве з татарамі на р. Вожэ. У 1380 разанскі князь знаходзіўся на баку цемніка Мамая, але ўдзелу ў Кулікоўскай бітве не прыняў. У 1400 князі Алег Разанскі, казельскі, пронскі і мурамскі разбілі і ўзялі ў палон ардынскага царэвіча Мамат Салтана. Алег Разанскі пашырыў межы сваяго ўплыву на значныя тэрыторыі. У васальнай залежнасці ад яго ў канцы XIV - пачатку XV ст. знаходзіліся ялецкія і казельскія князі. Раёнам разанскіх дамаганняў былі Тула і нават Мцэнск. Паспяхова асвойваліся былыя татарскія і мардоўскія ўладанні. Пасля смерці князя Алега Іванавіча (1402) Разань рэдка выходзіла з саюзу, а потым і падпарадкавання Маскве. Па дагавору 1402 сын Алега Разанскага Фёдар (1402-1427) прызнаў сабе "малодшым братам" маскоўскага вялікага князя Васіля Дзмітрыевіча, на сястры якога быў жаняты (з 1387). У 1410 маскоўскі правіцель дапамог Фёдару Ольгавічу вярнуць уладанні, захопленыя пронскім князем Іванам Уладіміравічам. Пасля паездкі Вітаўта ў вярхоўя р. Акі (1427), Разанскае і Пронскае княствы разанскія князі на кароткі час апынуліся ў сферы ўплыву ВКЛ. Па літоўска-разанскаму дагавору каля 1430 Іван Фёдаравіч абязаўся "служыць верна" Вітаўту і не заключаць без сагласавання з ім дагавораў. У 1430 на Троцкім з'ездзе прысутнічаў таксама і разанскі князь. Пасля 1430 разанскі князь Іван Фёдаравіч дапамагаў маскоўскаму ўладару Васілю II вярнуць свой прастол. Перад смерцю (1456) Іван Фёдаравіч пакінуў васьмігадовага сына Васіля на папячэнне Васіля II Цёмнага. У гэты час у Пераяслаўе-Разанскім з'явіўся маскоўскі намеснік. У 1464 Васіль Іванавіч быў адпушчаны на сваё княжэнне, папярэдне жанаты з сястрой Івана III Аннай. У 1483 ён памёр, а з прычыны малых гадоў князя Івана Васільевіча Разанскім вялікім княствам кіравала Анна Васільеўна. У 1500 у 33-гадовым узросце Іван Васільевіч памёр. На разанскім прастоле апынуўся князь Іван Іванавіч у 4 з паловаю года. З 1512 у Разанскім вялікім княстве зноў з'явіліся маскоўскія намеснікі. Пасля таго, як маскоўскаму вялікаму князю Івану III стала вядома аб кантактах Івана Іванавіча з крымскім ханам, разанскага князя вызвалі ў Маскву і адправілі ў турму (1516). Скарыстаўшы набег на Маскву ў 1521 хана Мухамед-Гірэя, Іван Іванавіч збег у ВКЛ. Там ён атрымаў у пажыццёвае валоданне мястэчка Стоклішкі, у якім і памёр у 1534. Такім чынам, у 1521 Разанскае вялікае княства было канчаткова ліквідавана, у Пераяслаў-Разанскі быў накіраваны намеснікам акольнічы Хабар Сімскі. Яшчэ ў 1483 у ВКЛ ад'ехаў пронскі князь Юрый Фёдаравіч. Пронскае княства было далучана на Разанскага. Частка пронскіх князёў з пачатку XVI ст. перайшла на маскоўскую службу. Адзін з іх, князь Іван Пронскі, ў 1514 быў узяты пад Оршай у палон і памёр у неволі. Іншая галіна пронскіх заставалася ў ВКЛ і згасла каля 1638.

Літ.: Иловайский Д.И. История Рязанского княжества. М, 1858; Кузьмин А.Г. Рязанское летописание. Сведения летописей о Рязани и Муроме до середины XVI в. М., 1965; Монгайт А. Л.  Рязанская земля. М., 1961.

Віктар Цемушаў

 

Северская зямля // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2: Кадэцкі корпус–Яцкевіч. – Мн.: БелЭн., 2006. – С. 561-562.

Северская зямля, Север, Севершчына, гісторыка-геаграфічны рэгіён, назва якога з'яўлялася вытворчай ад этноніма "север", "северане". Тэрыторыя Северскай зямлі сфарміравалася ў старажытнарускі перыяд на частцы Чарнігаўскага княства, якая адпавядала арыялу рассялення северан, але выйшла за рубяжы апошняга і не захапіла землі северан Пераяслаўскага княства. На поўначы ў вярхоўях рр. Сож і Дзясна Северская зямля аддзялялася ад Смаленшчыны ляснымі масівамі. На захадзе мяжой ёй служыў Дняпро. З поўдня умоўная мяжа праходзіла ад р. Асцёр праз міжрэчча р. Сейм з аднаго боку з рр. Сулай, Псёл і Ворскла з другога. На ўсходзе міжрэчча Дзясны і верхняй Акі аддзяляла Северскую зямлю ад яшчэ адной часткі Чарнігаўскага княства. Северскімі гарадамі ў XIV-XVII ст. лічыліся наступныя: Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Бранск, Старадуб, Трубчаўск, Пуціўль, Радагошч, Рыльск, Гомель, Дрокаў, Курск, Мглін, Мароўск, Почап. Гістарычным цэнтрам Северскай зямлі з'яўляўся Чарнігаў. У якасці назвы пэўнай вобласці тэрмін Северская зямля пачынае ўпамінацца з канца XIV ст. З пачатку XIII ст. Северскую землю пачынаюць закранаць літоўскія набегі. Асабліва яны актывізіруюцца пасля мангольскага нашэсця (значныя паходы ў 1258 і 1263). Але да XIV ст. аніякіх тэрытарыяльных здабыткаў літоўскія кнізі ў Северскай зямлі не мелі. Сцвярджэнне ўлады ВКЛ над Северскай зямлёй адбылося пасля 1356, калі Альгерд пачаў валодаць Бранскам (у той час падпарадкаванаму Смаленску) і, верагодна, увайшоў у нейкае пагадненне з Ардой, паабяцаўшы па-ранейшаму сплачваць апошняй даніну з тэрыторыі Северскай зямлі. У канцы XIV ст. у Северскай зямлі ўзнікаюць удзельныя княствы на чале з прадстаўнікамі дынастыі Гедымінавічаў. Першым удзелам стал Бранскі князя Дзмітрыя Альгердавіча (упершыню ўпамінаецца ў 1372). Да 1379 Дзмітрый Альгердавіч быў пазбаўлены Бранска і атрымаў замест яго Трубчаўск (з 1377 з'яўляўся часткай уладанняў князя Андрэя Альгердавіча). У 1379 Дзмітрый Бранскі-Трубчаўскі перайшоў да маскоўскага князя Дзмірыя Іванавіча і ўдзельнічаў у 1380 у Кулікоўскай бітве. Праз 8 год вярнуўся ў ВКЛ. У 1399 загінуў у бітве пры Ворскле. Трубчаўск, вернуты пасля 1388 Дзмітрыю Альгердавічу, замацаваўся за яго нашчадкамі. Такім чынам князь стаў родапачынальнікам князёў Трубяцкіх. Бранскам у канцы XIV ст. валодаў прадстаўнік дынастыі Рурыкавічаў князь Раман Міхайлавіч. Пасля яго смерці ў 1401 Бранск апынуўся ў валоданні князя Свідрыгайлы Альгердавіча (да 1408). Ноўгарадам-Северскім у 80-я XIV ст. валодаў Дзмітрый-Карыбут Альгердавіч. У 1393 пасля канфлікту з Вітаўтам ён страціў свой удзел, які быў перададзены Фёдару Любартавічу. Чарнігаў належаў князю Канстанціну Альгердавічу да смерці гэтага князя паміж 1386-1393. Да 1388 узнікла Старадубскае княства Патрыкея Нарымунтавіча, перададзенае пасля смерці апошняга ягоным сынам. Паступова ўдзельныя княствы Северскай зямлі пачалі пераўтвараюцца ў спадкаемныя ўладанні. Аднак вялікі сыход северскіх князёў на чале са Свідрыгайлам Альгердавічам у 1408 у Маскву спыніў гэты працэс. Пасля 1408 адбылося пераразмеркаванне северскіх уладанняў. Старадуб і, магчыма, Бранск атрымаў Жыгімонт Кейстутавіч (удзел існаваў да 1432 - пераходу князя на вялікакняжацкі прастол), а пасля вяртання Свідрыгайлы (1409), апошняму дасталіся Чарнігаў і Ноўгарад-Северскі. Свідрыгайла працягваў валодаць сваім Чарнігаўскім княствам і пасля заняцця вялікакняжацкага прастолу (1430-1432), а падчас яго барацьбы з Жыгімонтам уся Северская зямля прыняла яго бок. Пасля паражэння Свідрыгайлы Северская зямля апунулася ў дамене вялікага князя літоўскага (Жыгімонта, а з 1440 - Казіміра). Часова сістэма ўдзелаў у Северскай зямлі была ліквідавана. З сэрэдзіны XV ст. княжацкія ўладанні пачалі аднаўляцца. Удзелы былі зроблены Казімірам для збегшых з Вялікага княства Маскоўскага маскоўскіх удзельных князёў. Кароткі час у 1446-1447 існавала княства Васіля Яраславіча Серпухоўскага (у складзе гарадоў Бранск, Старадуб, Гомель, Мсціслаў і інш.), які зноў вярнуўся на радзіму. З 1454 у Северскай зямлі утварыліся Старадубскае і Ноўгарад-Северскае княствы. У 1483 яшчэ адзін маскоўскі ўцякач Васіль Міхайлавіч Вярэйскі атрымаў у Северскай зямлі Любеч і некалькі валасцей. Фарміраванне недалёка ад межаў Вялікага княства Маскоўскага тэрытарыяльных утварэнняў на чале з ворагамі маскоўскага правіцеля (Ноўгарад-Северскае і Старадубскае княствы) праследавала мэту з боку Казіміра IV забяспячэння абароны граніц з разлікам на магчымасць захопу маскоўскага прастолу сваімі прыхільнікамі. Пры гэтым шэраг гарадоў заставаўся пад кіраваннем вялікакняжацкіх намеснікаў. Паветы Чарнігаўскі (да 1496), Пуціўльскі (1470-1500), Радагошчскі, Бранскі (1440-1465, 1486-1500) ахоплівалі северскія ўдзельныя княствы і такім чынам кантралявалі іх. Падчас праўлення Аляксандра Казіміравіча ўдзельныя княствы на тэрыторыі Северскай зямлі атрымалі значную самастойнасць, а іх князі пачалі схіляцца ў бок Масквы. У выніку змовы князі Сямён Іванавіч Мажайскі (Старадубскае княства) і Васіль Шамячыч (Ноўгарад-Северскае княства) у 1500 перайшлі са сваімі і захопленымі землямі на маскоўскую службу, а князі Трубяцкія вымушаны былі пад ваенным ціскам таксама прыняць прысягу на імя Івана III. Вялікакняжацкія гарады Северскай зямлі (Бранск, Радагошч, Почап, Любеч і Пуціўль) былі захоплены сілаю. Па 6-цігадоваму перамір'ю ўся Северская зямля адышла ў склад Вялікага княства Маскоўскага. Толькі Любеч у 1508 і Гомель у 1537 вярнуліся да ВКЛ. У складзе Расійскай дзяржавы Северская зямля знаходзілася да 1618, калі па Дэулінскаму перамір'ю яна амаль поўнасцю трапіла пад уладу Рэчы Паспалітай. Пры маскоўскім кіраванні назва Северская зямля набыла іншае значэнне, больш распаўсюджаным было ўжыванне тэрміна "северскія гарады". Апошнія склалі значную частку сістэмы абароны Расійскай дзяржавы ад Крымскага ханства і Рэчы Паспалітай. З пачатку XVII ст. Северская зямля стала апорай антыўрадавага руху, які прывёў да ўлады у Маскве Ілжэдзмітрыя I. Самазванец, між іншым, абяцаў перадаць Северскую зямлю Юрыю Мнішаку. З 1618 северскія гарады былі падзелены паміж ВКЛ (Гомель, Старадуб, Почап, Любеч (з 1646) і інш.) і Каралеўсівам Польскім (Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і інш.). Бранск, Рыльск, Пуціўль, Трубчаўск (з 1634) заставаліся расійскімі. Па Андрусаўскаму парамір'ю 20.01.1667 і вечнаму міру 6.05.1686 Северская зямля зноў цалкам апынулася ў складзе Расіі. У гэты час ужо не існавала звязанага рэгіёна Северскай зямлі. Поўнасцю ўжыванне назвы Северская зямля знікла ў сяр. XVIII ст.

Літ.: Андріяшев О. Нарис історії колонізації Сіверської землі до початку XVI віку // Записки історично-філологічного відділу ВУАН. Киев, 1928. Кн. ХХ. С.95-128; Багалей Д.И. История Северской земли до половины XIV ст. Киев, 1882; Голубовский П.В. История Северской земли до половины XIV ст. Киев, 1881; Григорьев А.В. Северская земля в VIII - начале XI века по археологическим данным. Тула, 2000; Русина О. Сiверська земля у складi Великого князiвства Литовського. Киïв, 1998; Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987; Kuczyński S.M. Ziemie czernihowsko-siewierskie pod rządami Litwy // Prace Ukraińskiego institutu naukowego. Warszawa, 1936. T. 33.

Віктар Цемушаў

 

Старадубскае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2: Кадэцкі корпус–Яцкевіч. – Мн.: БелЭн., 2006. – С. 628.

Старадубскае княства, феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе, удзельнае княства на тэрыторыі Северскай зямлі. Утварылася пасля 1454, калі сагнаны маскоўскім вялікім князем Васілём Цёмным са свайго ўдзелу мажайскі князь Іван Андрэевіч знойшоў прытулак у ВКЛ і атрымаў ад Казіміра IV у вотчыну Старадуб і Гомель. (Наданне Івану Мажайскаму менавіта Старадуба было невыпадковым. Яго бацька Андрэй Дзмітрыевіч (сын Дзмітрыя Данскога) ў 1403 ажаніўся з дачкой старадубскага князя Аляксандра Патрыкеевіча Аграфенай. Яшчэ ў 1448 праз сваяго цесця Фёдара Львовіча Варатынскага князь Іван Мажайскі абяцаў Казіміру IV пры дапамозе ў заўладзенні маскоўскім прастолам быць падпарадкаваным літоўскаму гаспадару, заключыць з ім ваенны саюз і аддаць Ржэву і Мядынь. Разам з іншым выгнанцам з Масквы Іванам Бароўскім, сынам Васіля Яраславіча Серпухоўскага каля 1461-1462 Іван Мажайскі дамаўляўся дабівацца вяртання сваёй отчыны, для сабе маскоўскага прастолу, вызвалення Васіля Серпухоўскага і пераразмеркавання маскоўскіх уладанняў). Паступова да Старадубскага княства дадаваліся яшчэ гарады і воласці: у 1465 з пэўнымі абмежаваннямі ў валоданні Бранск, у 1496 сыну Івана Мажайскага Сямёну - Чарнігаў і Карачаў і ў 1499 - Сямёну жа Хацімль. Неўзабаве пасля смерці Івана Мажайскага (паміж 1471-1483) Бранск, з-за пазіцыі яго жыхароў, якія нацярпеліся ад самавольства мажайскага князя і яго сына Андрэя, быў адабраны ад Старадубскага княства (каля 1486). Паўстаўшыя жыхары Бранска забілі сына князя Андрэя Іванавіча Фёдара. З гэтага часу Бранскам кіравалі вялікакняжацкія намеснікі. Паступова Старадубскае княства набывае значную самастойнасць. Старадубскія князі мелі свой двор, баяр, нават вялікія ваенныя фарміраванні (палкі). У 1499 князь Сямён Мажайскі пачаў тайныя кантакты з Іванам III. Абяцанні захаваць за князем Сямёнам усе здабытыя ім у ВКЛ уладанні спрыялі здрадзе. Пасля паходу Якава Захар'іна Кошкіна на Бранск і заняцця апошняга 3.05.1500 князь Сямён Мажайскі прыняў прысягу на імя Івана III. Пры пераходзе пад маскоўскую ўладу князь Сямён захапіў Любеч (яшчэ ў 1483 быў выдзелены маскоўскаму выхадцу князю Васілю Махайлавічу Вярэйскаму), а пазней атрымаў яшчэ і Хотунь. Са сваімі войскамі князь Сямён Мажаўскі ўдзельнічаў у захопе Пуціўля, бітве на р. Ведраш. Старадубскае княства працягвала існаваць і пад кіраваннем сына Сямёна Мажайскага Васіля Тулупа-Старадубскага (з каля 1505). У 1508 служба Маскве Васіля Старадубскага была пацверджана літоўска-маскоўскім дагаворам 1508. У 1417 князь спрабаваў захапіць Ноўгарад-Северскі, але быў выбіты адтуль вярнуўшымся з Масквы князем Васілём Шамячычам. У 1518 Васіль Старадубскі памёр, а яго ўдзел стаў часткай уладанняў маскоўскага вялікага князя Васіля III. Гэтай тэрыторыяй пэўны час кіраваў князь Сямён Фёдаравіч Курбскі.

Літ.: Зимин А.А. Витязь на распутье: Феодальная война в России XV в. М., 1991; Кром М.М. Меж Русью и Литвой. Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV - первой трети XVI в. М., 1995; Русина О. Сiверська земля у складi Великого князiвства Литовського. Киïв, 1998; Kuczyński S.M. Ziemie czernihowsko-siewierskie pod rządami Litwy // Prace Ukraińskiego institutu naukowego. Warszawa, 1936. T. 33.

Віктар Цемушаў

 

Таропецкая воласць // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2: Кадэцкі корпус–Яцкевіч. – Мн.: БелЭн., 2006. – С. 659-670.

Таропецкі павет, Таропецкая воласць, Таропецкае княства, Таропецкая зямля, прыкладна з сяр. XIV ст. адм.-тэр. адзінка ВКЛ. Таропецкая воласць узнікла на адным з першых месцаў рассялення крывічаў, раней за час асваення раёна Смаленска. Яна сфарміравалася ўздоўж р. Таропы, па якой праходзіў важнейшы гандлёвы шлях, які аб'ядноўваў Заходнюю Дзвіну і Ловаць. Таропец быў адным з галоўных племянных цэнтраў крывічаў. Народныя паданні і дакументы XVII-XVIII ст. сведчаць, што старажытнай назвай горада быў Крывіт (варыянты: Крывіцеск, Крывіч). Па пісьмовым крыніцам існаванне Таропца вядома з сярэдзіны XI ст. (з Жыція Феадосія Пячэрскага), у 1136 ён ужо з'яўляўся важным цэнтрам Смаленскага княства (паводле Устаўной грамаце князя Расціслава Смаленскага). З 1167 існавала Таропецкае княства. Таропецкія князі Мсціслаў Расціславіч Храбры, яго сын Мсціслаў Удалы і ўнукі Давыд і Уладзімір вялі самастойную ваяўнічую палітыку, часта запрашаліся на наўгародскі і пскоўскі прастолы. Да тэрыторыі Таропецкага княства належала не толькі Таропецкая воласць з басейнам р. Таропа і вярхоўямі Заходняй Дзвіны, але і вярхоўі Волгі са Ржевай. У 1239 у Таропцы адбылося вяселле пераяслаўскага князя Аляксандра Яраславіча (сына дачкі князя Мсціслава Удалага) і полацкай княжны Аляксандры Брачыслаўны, што магчыма сведчыла аб претэнзіях на гэты горад неўскага пераможцы. З пачатку XIIІ ст. на таропецкія землі пачаўся планамерны і метадычны ціск з боку Літоўскай дзяржавы. Значныя літоўскія набегі на Таропец і яго наваколле адбыліся ў 1223, 1226, 1234, 1245, 1253. У 1226 быў нават забіты таропецкі князь Давыд Мсціславіч. Верагодна ў першай палове XIII ст. рускія князі паступова страчвалі кантроль над Таропецкай зямлёй. Пасля мангольскага нашэсця больш не вядома таропецкіх князёў, але прадстаўнікі роду актыўна дзейнічалі, напрыклад, у суседняй Ржэве. Нават князь Уладзімір Мсціславіч быў пахаваны не ў радавым Таропцы, а у Ржэве. Здаецца слушным меркаванне аб пераносе сталіцы княства з Таропца ў Ржэву. У другой палове XIII ст. раён Таропца стаў плацдармам, з якога ажыццяўляліся нападзенні на наўгародскія і цвярскія землі (1248, 1253, 1258, 1285). Верагодна, па ўмовах наўгародска-літоўскага мірнага дагавора 1262 Таропец быў прызнаны за ВКЛ. Літоўская ўлада распаўсюдзілася таксама і на частку Ржэўскай зямлі. Там у 1335 Іванам Калітой былі адваяваны літоўскія гарадкі Асечан, Расна і інш. Праз нейкі час пасля далучэння да ВКЛ з Таропецкай зямлі сфарміраваўся павет, звесткі аб якім з'яўляюцца толькі ў XV ст. Пры наяўнасці ўласнага ціуна (вядомы з 1441-1442), а потым намесніка, у ваенна-адміністрацыйным і фінансавым дачыненні Таропецкі павет падпарадкоўваўся Смаленску. Таропецкія баяры і слугі складалі частку смаленскага апалчэння, а таропецкая даніна ішла ў смаленскую казну. З канца XV ст. вядомы таропецкія воласці (1489 - Казарынская і Дубна; 1496 - Рожна, Любута, Тура, Бібірава, Таропецкая, Нежэльская; 1497 - Старцава; 1503 - Данькова). Воласці Рожна і Бібірава былі ў сумесным кіраванні Таропца і Белай. У канцы XV ст. разгарэўся канфлікт паміж Таропцам і Старцавай воласцю, якая адстойвала сваю самастойнасць у зборы і выплаце даніны. Граматай Аляксандра Казіміравіча ад 20.03.1497 асобны статус Старцавай воласці пацвярджаўся, але пасля прад'яўлення жыхарамі Таропца іншай граматы, якую выдаў Казімір, воласць была вернута пад юрысдыкцыю Таропца. З канца XV ст. на Таропецкі павет пачаўся ціск з маскоўскага боку. На мяжы з Таропецкім паветам у Наўгародскай зямле наўмысна была дадзена вотчына ўцекачу з ВКЛ князю Фёдару Іванавічу Бельскаму (воласці Веліла, Марэва і гарадок Дземан), які пастаянна непакоіў сваімі набегамі суседнія землі (у 1488-1490). З боку Ржэўскай зямлі ў 1489 ўселугскі намеснік Васіль Давыдавіч адрэзаў ад таропецкай воласці Дубны палову тэрыторыі. Маскоўскі намеснік у Чорнакунстве Андрэй Колычаў у 1491 нападаў на Таропецкі павет, забіў таропецкага намесніка, узяў у палон многіх людзей і далучыў да маскоўскіх уладанняў некаторыя землі. У адказ новы таропецкі намеснік Зенька Еўлашковіч вясной 1492 разрабаваў двор Колычава і землі Чорнакунства. Нарэшце, у ходзе маскоўска-літоўскай вайны 9.08.1500 пскоўска-наўгародскія войскі ўзялі Таропец і пры гэтым захапілі ў палон яго намесніка. Дагаворам 1503 Таропец і 13 аднесеных да яго валасцей былі зацверджаны за Масквой. У 1508 таропецкія жыхары сталі прымаць прысягу на імя Жыгімонта, але хуткі прыход ваяводы Данілы Васільевіча Шчані вярнуў горад пад маскоўскую ўладу. Зімой 1515 Таропец быў спалены жаўнерамі Януша Свірчэўскага. У далейшым Таропецкі павет пераўтварыўся ў край памесніцкага землеўладання.

Літ.: Кузьмин А.В. Торопецкая знать в XIII в. Из истории Смоленской земли // Russia mediaevalis. T. X, 1. München, 2000. P. 55-75; Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута. М., 1892; Побойнин И. Торопецкая старина. Исторические очерки города Торопца с древнейших времен до конца XVII в. // Чтения в обществе истории и древностей Российских. М., 1897. Кн. 1 (180); Янин В.Л. Новгород и Литва: пограничные ситуации XIII-XV веков. М., 1998.

Віктар Цемушаў

Полный вариант

Таропецкі павет, Таропецкая воласць, Таропецкае княства, Таропецкая зямля, прыкладна з сяр. XIV ст. адм.-тэр. адзінка ВКЛ. Таропецкая воласць узнікла на адным з першых месцаў рассялення крывічаў, раней за час асваення раёна Смаленска. Яна сфарміравалася ўздоўж р. Таропы, па якой праходзіў важнейшы гандлёвы шлях, які аб'ядноўваў Заходнюю Дзвіну і Ловаць (ад Ловаці і яе прыток Кунью да Таропы і Заходняй Дзвіны). Таропец быў адным з галоўных племянных цэнтраў крывічаў. Народныя паданні і дакументы XVII-XVIII ст. сведчаць, што старажытнай назвай горада быў Крывіт (варыянты: Крывіцеск, Крывіч). Па пісьмовым крыніцам існаванне Таропца вядома з сярэдзіны XI ст. (з Жыція Феадосія Пячэрскага), у 1136 ён ужо з'яўляўся важным цэнтрам Смаленскага княства (паводле Устаўной грамаце князя Расціслава Смаленскага). З 1167 існавала Таропецкае княства. Таропецкія князі Мсціслаў Расціславіч Храбры, яго сын Мсціслаў Удалы і ўнукі Давыд і Уладзімір вялі самастойную ваяўнічую палітыку, часта запрашаліся на наўгародскі і пскоўскі прастолы. Да тэрыторыі Таропецкага княства належала не толькі Таропецкая воласць з басейнам р. Таропа і вярхоўямі Заходняй Дзвіны, але і вярхоўі Волгі са Ржевай. У 1239 у Таропцы адбылося вяселле пераяслаўскага князя Аляксандра Яраславіча (сына дачкі князя Мсціслава Удалага) і полацкай княжны Аляксандры Брачыслаўны, што магчыма сведчыла аб претэнзіях на гэты горад неўскага пераможцы. З пачатку XIIІ ст. на таропецкія землі пачаўся планамерны і метадычны ціск з боку Літоўскай дзяржавы. Значныя літоўскія набегі на Таропец і яго наваколле адбыліся ў 1223, 1226, 1234, 1245, 1253. У 1226 быў нават забіты таропецкі князь Давыд Мсціславіч. Верагодна ў першай палове XIII ст. рускія князі паступова страчвалі кантроль над Таропецкай зямлёй. Пасля мангольскага нашэсця больш не вядома таропецкіх князёў, але прадстаўнікі роду актыўна дзейнічалі, напрыклад, у суседняй Ржэве. Нават князь Уладзімір Мсціславіч быў пахаваны не ў радавым Таропцы, а у Ржэве. Здаецца слушным меркаванне аб пераносе сталіцы княства з Таропца ў Ржэву. У другой палове XIII ст. раён Таропца стаў плацдармам, з якога ажыццяўляліся нападзенні на наўгародскія і цвярскія землі (1248, 1253, 1258, 1285). Верагодна, па ўмовах наўгародска-літоўскага мірнага дагавора 1262 Таропец быў прызнаны за ВКЛ. Літоўская ўлада распаўсюдзілася таксама і на частку Ржэўскай зямлі. Там у 1335 Іванам Калітой былі адваяваны літоўскія гарадкі Асечан, Расна і інш. Праз нейкі час пасля далучэння да ВКЛ з Таропецкай зямлі сфарміраваўся павет, звесткі аб якім з'яўляюцца толькі ў XV ст. Пры наяўнасці ўласнага ціуна (вядомы з 1441-1442), а потым намесніка, у ваенна-адміністрацыйным і фінансавым дачыненні Таропецкі павет падпарадкоўваўся Смаленску. Таропецкія баяры і слугі складалі частку смаленскага апалчэння, а таропецкая даніна ішла ў смаленскую казну. З канца XV ст. вядомы таропецкія воласці (1489 - Казарынская і Дубна; 1496 - Рожна, Любута, Тура, Бібірава, Таропецкая, Нежэльская; 1497 - Старцава; 1503 - Данькова). Воласці Рожна і Бібірава былі ў сумесным кіраванні Таропца і Белай. У канцы XV ст. разгарэўся канфлікт паміж Таропцам і Старцавай воласцю, якая адстойвала сваю самастойнасць у зборы і выплаце даніны. Граматай Аляксандра Казіміравіча ад 20.03.1497 асобны статус Старцавай воласці пацвярджаўся, але пасля прад'яўлення жыхарамі Таропца іншай граматы, якую выдаў Казімір, воласць была вернута пад юрысдыкцыю Таропца. З канца XV ст. на Таропецкі павет пачаўся ціск з маскоўскага боку. На мяжы з Таропецкім паветам у Наўгародскай зямле наўмысна была дадзена вотчына ўцекачу з ВКЛ князю Фёдару Іванавічу Бельскаму (воласці Веліла, Марэва і гарадок Дземан), які пастаянна непакоіў сваімі набегамі суседнія землі (у 1488-1490). З боку Ржэўскай зямлі ў 1489 ўселугскі намеснік Васіль Давыдавіч адрэзаў ад таропецкай воласці Дубны палову тэрыторыі. Маскоўскі намеснік у Чорнакунстве Андрэй Колычаў у 1491 нападаў на Таропецкі павет, забіў таропецкага намесніка (Сямёна Фёдаравіча Сакалінскага?), узяў у палон многіх людзей і далучыў да маскоўскіх уладанняў некаторыя землі. У адказ новы таропецкі намеснік Зенька Еўлашковіч вясной 1492 разрабаваў двор Колычава і землі Чорнакунства. Нарэшце, у ходзе маскоўска-літоўскай вайны 9.08.1500 пскоўска-наўгародскія войскі ўзялі Таропец і пры гэтым захапілі ў палон яго намесніка. Дагаворам 25.03.1503 Таропец і 13 аднесеных да яго валасцей (9 з іх - таропецкія) былі зацверджаны за Масквой. У 1508 таропецкія жыхары сталі прымаць прысягу на імя Жыгімонта, але хуткі прыход ваяводы Данілы Васільевіча Шчані вярнуў горад пад маскоўскую ўладу. Зімой 1515 Таропец быў спалены жаўнерамі Януша Свірчэўскага. У 1522 адбываліся нападзенні на таропецкія землі з боку Віцебска. У далейшым Таропецкі павет пераўтварыўся ў край памесніцкага землеўладання.

Літ.: Кузьмин А.В. Торопецкая знать в XIII в. Из истории Смоленской земли // Russia mediaevalis. T. X, 1. München, 2000. P. 55-75; Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого литовского статута. М., 1892; Побойнин И. Торопецкая старина. Исторические очерки города Торопца с древнейших времен до конца XVII в. // Чтения в обществе истории и древностей Российских. М., 1897. Кн. 1 (180); Янин В.Л. Новгород и Литва: пограничные ситуации XIII - XV веков. М., 1998.

Віктар Цемушаў

 

Чарнакунства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2: Кадэцкі корпус–Яцкевіч. – Мн.: БелЭн., 2006. – С. 737.

Чарнакунства, памежныя наўгародскія землі, якія сплачвалі даніну (чорную куну) ВКЛ. Першыя звесткі аб Чарнакунстве змяшчаюцца ў літоўска-наўгародскіх дагаворах 25.01.1431 і 1441-1442. Складалася з зямель, якія належалі смаленскім князям (дачыняліся да Таропецкай воласці), а на рубяжы XI-XII ст. былі перададзены князем Мсціславам Уладзіміравічам Ноўгараду ў якасці дамена для сына Усевалада. У Наўгародскай зямлі заставаліся тэрыторыямі, якія знаходзіліся пад непасрэдным княжацкім кіраваннем. Пераход даходаў ад Ноўгарада і яго князёў да літоўскіх уладароў адбыўся, верагодна, у 1326, калі быў заключаны мір паміж ВКЛ, Смаленскім княствам, Вялікім Ноўгарадам і Лівонскім ордэнам. Выплата чорнай куны з шэрагу наўгародскіх валасцей гарантавала бяспеку паўднёвай граніцы Ноўгарада Вялікага. Непасрэдна да Чарнакунства адносіліся Холмскі пагост і воласці Марэва, Малвяціцы, Сцерж, Кунска, Бярозавец, Лапасціцы, Буйцы і Жабна. Ад уласна Чарнакунства аддзяляліся Вялікія Лукі і Ржэва, якія спрадвечна былі наўгародскімі ўладаннямі. Акрамя чорнай куны з іх сплачваліся ў ВКЛ іншыя падаткі (з Ржэўскай зямлі "кароўшчыну" ("ялоўшчыну") і ціунскую пошліну). Вялікалукская і Ржэўская землі набліжаліся да статусу сумеснага наўгародска-літоўскага ўладання. Вядома, што ў Ржэўскай зямлі збіраў чорную куну і чыніў суд літоўскі намеснік, наўгародскім былі землеўладанне і некаторыя даходы. У 1435 з прычыны невыплаты даніны наўгародцы здзейснілі паход на Ржэўскую зямлю і спустошылі яе да пскоўскага рубяжа. Пасля далучэння Ноўгарада да Вялікага княства Маскоўскага (1478) некаторы час ВКЛ прад'яўляла прэтэнзіі на чорную куну, ад чаго не адмаўляўся спачатку і Іван III, але выплату спыніў. Памеры тэрыторый, з якіх улады ВКЛ патрабавалі чорную куну скараціліся да Вялікіх Лук, Ржэвы і Халма. Апошні атрымаў афіцыйную назву Чарнакунства. Пад намеснікам у Чарнакунстве разумеўся холмскі намеснік. Былыя воласці Чарнакунства трапілі ў склад новай адміністрацыйнай адзінкі Ноўгарада Дзярэўскай пяціны. У Вялікіх Луках і Ржэве пад маскоўскай уладай было заснавана асобнае намесніцтва. Намеснік князь І.У. Абаленскі-Лыка праславіўся сваімі злоўжываннямі і грабежніцкай палітыкай. Ужо ў 1478 яго змяніў невядомы князь Канстанцін, які жорсткімі мерамі таксама праводзіў інкарпарацыю Вялікіх Лук і Ржэвы ў склад Вялікага княства Маскоўскага. У лютым 1480 удзельныя маскоўскія князі Барыс Волацкі і Андрэй Угліцкі канчаткова разрабавалі і спустошылі Вялікія Лукі. З 1491 вядомы ржэўскі намеснік Васіль Васільевіч Карамышаў. Прэтэнзіі на Чарнакунства ўлады ВКЛ пакінулі толькі пасля заключэння "вечнага" міру 1494.

Літ.: Янин В.Л. Новгород и Литва: пограничные ситуации XIII-XV веков. М., 1998.

Віктар Цемушаў



Сайт Виктора Темушева.

Поиск

Облако тегов

беларусь велиж «великое княжество московское» «великое княжество тверское» «верхнеокские княжества» «верховские княжества» витовт вкл воротынск «восточная европа» «вяземское княжество» вязьма «вялікі гістарычны атлас беларусі» граница границы «грюнвальдская битва» дмитровец «древняя русь» «золотая орда» «историческая география» карты крайшино «кричевский повет» «куликовская битва» «литовско-московская граница» «литовско-тверская граница» любутск «московско-литовская война» «московско-литовская граница» «московско-литовские войны» «московское княжество» «мстиславское княжество» ольгерд опаков «османская империя» «пограничная война» «полоцкое воеводство» «полоцкое княжество» поугорье «речь посполитая» «ржевская земля» «рославльский уезд» россия русь «северо-восточная русь» «северская земля» славяне спиридонов «средние века» ягайло