Ялецкае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2: Кадэцкі корпус–Яцкевіч. – Мн.: БелЭн., 2006. – С. 779.

Ялецкае княства, феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе. Утварылася ў апошняй трэці XIV ст. пасля раздзелу Казельскага княства. Родапачынальнікам ялецкіх князёў стаў сын казельскага князя Івана Цітавіча Фёдар. Княства займала тэрыторыю на захад ад р. Дон уздоўж яго прытока Сасны. Паўночныя рубяжы княства даходзілі да нізоўяў іншага прытоку Дону р. Красівай Мечы. На поўдзень яго тэрыторыя ўкліньвалася да ўсця р. Варонеж. На захадзе, прыкладна ў раёне Ліўнаў, княства межавала з ВКЛ. У 1363 літоўскія войскі захапілі г. Коршаў на тэрыторыі Ялецкага княства, але далейшыя наступствы гэтай падзеі невядомы. Верагодна, пасля маскоўскага паходу зімой 1379/80 у напрамку Трубчаўска і Старадуба ўплыў ВКЛ быў заменены тут на кантроль Масквы. У сувязі з гэтым невыпадкова, што ў 1380 ялецкі князь Фёдар Іванавіч удзельнічаў у Кулікоўскай бітве ў якасці ваяводы серпухоўскага князя Уладзіміра Андрэевіча. У канцы XIV (да 1389) ялецкія князі трапілі ў залежнасць ад Разані. Пасля паходу сярэднеазіятскага заваёўніка Цімура (Тамерлана) да Яльца ў 1395 і шэрагу татарскіх набегаў пачатку XV ст. Ялецкае княства прыйшло ў запушчэнне. У 1414, калі татары паваявалі разанскія і ялецкія землі, забілі аднаго з мясцовых князёў і зруйнавалі г. Ялец, астатнія ялецкія князі вымучаны былі выехаць у Разанскую зямлю. Пасля гэтага княства больш не ўпаміналася ў пісьмовых крыніцах. Яго раён, які стаў часткай Поля, выкарыстоўвалі татары Вялікай арды ў якасці качэўяў. Каля 1463 ялецкія землі фармальна былі далучаны да Вялікага княства Маскоўскага. Тым самым ВКЛ і яго саюзніка Вялікае княства Разанскае раздзялілі маскоўскія ўладанні. У маскоўска-разанскім дагаворы 1483 Ялец з месцамі быў названы отчынай Івана III. Толькі ў 1592 горад быў адноўлены на старым месцы пад маскоўскай уладай. Пасля гэтага ўтварыўся Ялецкі павет.

Літ.: Загоровский В.П. История вхождения Центрального Черноземья в состав Российского государства в XVI веке. Воронеж, 1991; Ён жа. Исследования и заметки по исторической географии Центрального Черноземья XVI в. // Историческая география Черноземного центра России (Дооктябрьский период). Воронеж, 1989. С. 5-29; Тропин Н.А. Елецкая земля в XII-XV вв. Елец, 2002; Шеков А.В. Верховские княжества (Краткий очерк политической истории. XIII - середина XVI вв.). Тула, 1993; Ён жа. Рецензия на книгу Н.А. Тропина «Елецкая земля в XII-XV вв.» // Вестник Елецкого государственного университета. Вып. 1. Серия «История, право». 2002. С. 226-230.

Віктар Цемушаў

Страницы: 1 · 2 · 3 · 4 · 5 · 6 · 7 · 8 · 9



Сайт Виктора Темушева.

Поиск

Облако тегов

беларусь велиж «великое княжество московское» «великое княжество тверское» «верхнеокские княжества» «верховские княжества» витовт вкл воротынск «восточная европа» «вяземское княжество» «вялікі гістарычны атлас беларусі» граница границы «грюнвальдская битва» дмитровец «древняя русь» «золотая орда» «историческая география» карты «киевская земля» «кричевский повет» «куликовская битва» «литовско-московская граница» «литовско-тверская граница» любутск метельский «московско-литовская война» «московско-литовская граница» «московско-литовские войны» «московское княжество» ольгерд опаков «османская империя» «первая мировая война» «пограничная война» «полоцкое воеводство» «полоцкое княжество» поугорье «речь посполитая» «ржевская земля» «рославльский уезд» россия русь «северо-восточная русь» «северская земля» славяне спиридонов «средние века» ягайло