Тарускае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2: Кадэцкі корпус–Яцкевіч. – Мн.: БелЭн., 2006. – С. 661.

Тарускае княства, феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе, адно з так званых "Вярхоўскіх" княстваў. Вылучылася са складу Чарнігаўскага княства ў 1246 г. пасля забойства ў Ардзе князя Міхаіла Ўсеваладавіча. Апошні паспеў завяшчаць Тарусу малодшаму сыну Юрыю. Княства займала тэрыторыю па ободвух баках р. Акі, на паўночны ўсход ад Навасільскага княства. Пасля смерці князя Юрыя Міхайлавіча ў канцы XIII - пачатку XIV ст. распалася на пяць удзелаў (Тарускі, Абаленскі, Валконскі, Канінскі і Мышагскі (Мышацкі)). Цэнтр княства г. Таруса быў падзелены на дольніцы, што пэўным чынам аб'ядноўвала род тарускіх князёў. З сярэдзіны XIV ст. тарускія князі трапілі ў залежнасць ад Масквы. Князі Сямён Канстанцінавіч Абаленскі і ягоны брат Іван Тарускі знаходзіліся на маскоўскай службе і актыўна ўдзельнічалі ў палітычных мерапрыемствах, якія былі ініцыіраваны Масквой (з'езд князёў у Пераяславе 1374, паход на Цвер 1375, Кулікоўская бітва 1380). Тэндэнцыяй, якая была характэрна для тарускіх князёў, стаў паступовы распродаж імі сваіх уладанняў. Каля 1345 тарускія князі "адступілі" смаленскаму князю Фёдару Святаславічу землі на ўсходзе княства. Таксама ў іх мітрапаліт Пётр набыў горад Алексін на Аке (паміж 1308-1326). Потым (да пачатку XV ст.) маскоўскі баярын Аляксандр Перасвет завалодаў значнай часткай тарускіх уладанняў уздоўж левага берага р. Акі, на захад ад Алексіна («Перасветава купля»). Нарэшце, у 1393 маскоўскі вялікі князь Васіль I купіў у Ардзе ў Тахтамыша ярлык на Тарусу, што давала яму вярхоўную ўладу над тарускімі князямі, якія аднак працягвалі валодаць сваімі землямі. Каля 1401-1402 князь Дзмітрый Сямёнавіч Тарускі заключыў дамовы з Васілём I. Менавіта тады старэйшыя прадстаўнікі роду тарускіх князёў Андрэй Шуціха і Дзмітрый Усевалодавічы ад'ехалі да вялікага князя літоўскага Вітаўта, ад якога атрымалі шэраг уладанняў са складу ліквідаванага Карачаўскага княства, а таксама Казельскага і Бялёўскага княстваў. Па цэнтру гэтых уладанняў - Мезецку - адна з галінаў тарускіх князёў стала называцца Мезецкімі. Адарваны ад Тарусы, як асобная адзінка, па ранейшаму працягваў самастойна існаваць Валконскі ўдзел Тарускага княства. У сярэдзіне XV ст. валконскія князі, каб захаваць незалежнасць, прынялі бок вялікага князя літоўскага і, такім чынам, страцілі правы на дольніцы ў Тарусе і само Тарускае княства. У канцы XV - пачатку XVI ст. князі Валконскія перайшлі на бок Масквы і з'явіліся на службе ў удзельных князёў Старыцкіх. Уладанні Валконскіх князёў апынуліся ў складзе Старыцкага ўдзела і трансфарміраваліся ў простую вотчыну служылых князёў. Таруса пераўтварылася з цэнтра княства ў вотчыну служылых маскоўскіх князёў яшчэ ў першай палове XV ст. У другой палове XV ст. тарускія князі больш не ўпаміналіся, а князі Абаленскія сталі маскоўскімі баярамі.

Літ.: Кром М.М. Меж Русью и Литвой. Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV - первой трети XVI в. М., 1995; Темушев В.Н. Река Угра - вековой страж московско-литовской границы // Новая локальная история. Вып. 2. Новая локальная история: пограничные реки и культура берегов. Ставрополь, 2004. С. 305-318; Шеков А.В. Верховские княжества (Краткий очерк политической истории. XIII - середина XVI вв.). Тула, 1993.

Віктар Цемушаў

Страницы: 1 · 2 · 3 · 4 · 5 · 6 · 7 · 8 · 9



Сайт Виктора Темушева.

Поиск

Облако тегов

«xiv век» беларусь «великая отечественная война» «великое княжество московское» «великое княжество тверское» «верхнеокские княжества» «верховские княжества» витовт вкл воротынск «восточная европа» «вяземское княжество» вязьма «вялікі гістарычны атлас беларусі» граница границы «грюнвальдская битва» дмитровец «древняя русь» «золотая орда» «институт истории» «историческая география» карты крайшино «куликовская битва» «литовско-московская граница» любутск «московско-литовская война» «московско-литовская граница» «московско-литовские войны» «московское княжество» «мстиславское княжество» ольгерд «османская империя» «пограничная война» «полоцкое княжество» польша поугорье радзивиллы «речь посполитая» «ржевская земля» «российская империя» россия русь «северо-восточная русь» «северская земля» славяне спиридонов «средние века» ягайло