Навасільскае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2: Кадэцкі корпус–Яцкевіч. – Мн.: БелЭн., 2006. – С. 337.

Навасільскае княства, феадальная дзяржава ва Усходняй Еўропе, адно з так званых "Вярхоўскіх" княстваў. Утварылася ў 1246 г. пасля смерці родапачынальніка вярхоўскіх князёў князя Міхаіла Ўсеваладавіча Чарнігаўскага. Першым князем Навасіля і Глухава стаў Сямён Міхайлавіч. Поўнай самастойнасці ўдзельнае княства дасягнула толькі ў сярэдзіне XIV ст., калі Ардой канчаткова было ліквідавана Чарнігава-Бранскае княства. З канца 40-х  XIV ст. Навасільскае княства трапіла у залежнасць ад маскоўскіх князёў. Верагодна, пасля бітвы на Сініх Водах, раён Навасільскага княства апынуўся пад уплывам ВКЛ, што было замацавана шлюбам Івана Сямёнавіча Навасільскага з дачкой Альгерда. У 1371 г. Альгерд выказваў патрыярху Філафею свае прэтэнзіі на захоп маскоўскім князем Дзмітрыем Іванавічам шэрага гарадоў, у тым ліку і Навасілі. Пераход Навасільскага княства пад уплыў Масквы адбыўся пасля маскоўскага паходу 1369/70 г. на Бранск, Мцэнск і Калугу. Тады князь Іван Сямёнавіч быў заменены на навасільскім стале прыхільнікам Масквы ягоным братам Раманам. Апошні ўдзельнічаў у маскоўскім паходзе на Цвер у 1375. За гэта ў той жа год татары цемніка Мамая (у той час саюзніка Альгерда) зруйнавалі Навасіль, у выніку чаго сталіца княства была перанесена ў Адоеў. Адгэтуль пачынаецца гісторыя Адоеўскага княства. Некаторы час навасільскія князі па-ранейшаму працягвалі арыентавацца на Маскву, удзельнічалі на яе баку ў Кулікоўскай бітве ў 1380 і сумесным паходзе на Разанскае княства ў 1385. Горад Навасіль з 1375 не згадваецца ў крыніцах, і зноў становіцца вядомым толькі з вясны 1563. Наваколле Навасілі стала маскоўскім у 1503.

Літ.: Кром М.М. Меж Русью и Литвой. Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV - первой трети XVI в. М., 1995; Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. К., 1987; Шеков А.В. Верховские княжества (Краткий очерк политической истории. XIII - середина XVI вв.). Тула, 1993; Kuczyński S. M. Ziemie czernihowsko-siewierskie pod rządami Litwy. // Prace Ukraińskiego institutu naukowego. Warszawa, 1936. T. 33.

Віктар Цемушаў.

 

Навасільскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2: Кадэцкі корпус–Яцкевіч. – Мн.: БелЭн., 2006. – С. 338.

Навасільскія, княжацкі род. Вядуць паходжанне ад чарнігаўскай галіны Рурыкавічаў. Родапачынальнік - князь Сямён Навасільскі і Глухаўскі, сын загінуўшага ў Ардзе 20.09.1246 Міхаіла Усеваладавіча Чарнігаўскага. Першым дасканала вядомым навасільскім князем быў Александр, забіты ў Ардзе ў 1326. У другой палове XIV - чверці XV ст. Навасільскія князі прытрымліваліся маскоўскага боку, потым перайшлі на службу ВКЛ. У 1427, 1442, 1448, 1459, 1483 заключалі і пацвярджалі дагаворы аб васальнай залежнасці ад вялікага князя літоўскага. Адзіныя сярод вярхоўскіх князёў мелі дагаворы з гаспадаром ВКЛ і захоўвалі пэўныя княжацкія правы. Пасля смерці ў пачатку XV ст. князя Рамана Сямёнавіча род Навасільских князёў распаўся на 3: Варатынскіх, Адоеўскіх і Бялёўскіх князёў. Аднак усе прадстаўнікі роду захоўвалі па-ранейшаму адзінае прозвішча Навасільскіх. Старэйшы ў родзе тытулаваўся Навасільскім і Адоеўскім. За пазначаны тутыл і старэйшынства ў родзе ішла барацьба паміж прадстаўнікамі Варатынскіх і Адоеўскіх князёў. Найбольш вядомыя:

Іван Сямёнавіч (памёр паміж 1371-1372), прапраўнук Сямёна Міхайлавіча Навасільскага і Глухаўскага. Падчас маскоўскага пахода зімой 1369/1370 на Бранск, Мцэнск і Калугу быў замяшчон на навасільскім прастоле на прыхільніка Масквы сваяго брата Рамана. Каля 1371 ажаніўся з дачкой Альгерда.

Раман Сямёнавіч (памёр пасля 1402). У ходзе літоўска-маскоўскай вайны 1368-1372 з'яўляўся прыхільнікам Масквы. Зімой 1369/1370 з дапамогай маскоўскіх войск заняў навасільскі прастол. Быў з гэтага часу старэйшым у родзе чарнігайскіх князёў, а таму, магчыма меўся на ўвазе ў літоўска-маскоўскім дагаворы 1372, дзе ўпамінаўся "князь вялікі Раман". У 1375 удзельнічаў у маскоўскім паходзе на Цвер. У гэтым жа годзе пакінуў Навасіль і перанёс сталіцу сваяго княства ў Адоеў. У 1385 прымаў удзел у маскоўскім паходзе на Разанскае княства. Апошні раз з'явіўся ў маскоўска-разанскім дагаворы 1402. Сыны Васіль, Леў и Юрый сталі родапачынальнікамі адпаведна Бялёўскіх, Варатынскіх і Адоеўскіх князёў.

Літ.: Кром М.М. Меж Русью и Литвой. Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV - первой трети XVI в. М., 1995; Шеков А.В. Верховские княжества (Краткий очерк политической истории. XIII - середина XVI вв.). Тула, 1993; Kuczyński S. M. Ziemie czernihowsko-siewierskie pod rządami Litwy. // Prace Ukraińskiego institutu naukowego. Warszawa, 1936. T. 33.

Страницы: 1 · 2 · 3 · 4 · 5 · 6 · 7 · 8 · 9



Сайт Виктора Темушева.

Поиск

Облако тегов

беларусь велиж «великое княжество московское» «великое княжество тверское» «верхнеокские княжества» «верховские княжества» витовт вкл воротынск «восточная европа» «вяземское княжество» «вялікі гістарычны атлас беларусі» граница границы «грюнвальдская битва» дмитровец «древняя русь» «золотая орда» «историческая география» карты «киевская земля» «кричевский повет» «куликовская битва» «литовско-московская граница» «литовско-тверская граница» любутск метельский «московско-литовская война» «московско-литовская граница» «московско-литовские войны» «московское княжество» ольгерд опаков «османская империя» «первая мировая война» «пограничная война» «полоцкое воеводство» «полоцкое княжество» поугорье «речь посполитая» «ржевская земля» «рославльский уезд» россия русь «северо-восточная русь» «северская земля» славяне спиридонов «средние века» ягайло