Мязецкае княства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2: Кадэцкі корпус–Яцкевіч. – Мн.: БелЭн., 2006. – С. 332.

Мезецкае княства, феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе. Адно з так званых "Вярхоўскіх" (Верхнеокскіх) княстваў. Было утворана пасля скасавання самастойнасці Тарускага княства (1393), частка князёў якога не пажадала служыць Маскве і ад'ехала да вялікага князя літоўскага. Вялікі князь літоўскі Вітаўт надаў ад'ехаўшым да яго тарускім князям у вотчыну значную частку зямель са складу ліквідаванага ім Карачаўскага княства, а таксама Казельскага і Бялёўскага княстваў. Цэнтрам новага тэрытарыяльнага ўтварэння каля 1406-08 стаў горад Мезецк (Мезочаск, Мяшчоўск), ад якога князі-уладальнікі атрымалі сваё прозвішча. Вялікія князі літоўскія Жыгімонт і Казімір пацвердзілі сваімі граматамі валоданне мезецкімі князямі шэрагам валасцей. Спіс валасцей, якія належалі мезецкім князям, паступова павялічваўся. Таксама мезецкія князі атрымоўвалі ад Казіміра Ягайлавіча жалаванне грашыма. Фармальна існаваўшае Мезецкае княства не мела самастойнасці, яго князі не заключалі дамоваў з правіцелямі ВКЛ і валодалі пэўнымі тэрыторыямі на правах надання ("даніна", "выслуга"). Тэрыторыя княства не была кампактнай з акрэсленымі межамі і займала прастору з захаду да паўднёвага ўсходу ў баку ад свайго цэнтра. На працягу XV ст. род мезецкіх князёў моцна разросся, са складу Мезецкага княства вылучыліся ўдзелы (Баратынскі, Гаўдырэўскі), цэнтр княства быў падзелены на т.зв. "дольніцы". У канцы XV ст. пачаўся ціск на мезецкіх князёў з маскоўскага боку. У 1487 людзі князёў Адоеўскіх і Перамышльскага, якія на той момант ужо служылі Івану III, прыходзілі пад горад Мезецк. Разлічваючы на пэўную выгаду, у жніўні-кастрычніку 1492 на бок Масквы перайшоў князь Міхаіл Раманавіч Мезецкі. Рэальна захапіў Мезецк разам з Сярпейскам князь Сямён Фёдаравіч Варатынскі, які ў той час таксама вырашыў перайсці на маскоўскі бок. Аднак значнае войска ВКЛ на чале са смаленскім намеснікам Юрыем Глебавічам, князем Сямёнам Іванавічам Мажайскім і інш. адваявалі абодва гарады. У адказ зімой 1493 пад Мезецк прыйшло злучанае маскоўска-разанскае войска, падтрыманае сіламі вярхоўскіх князёў. Горад пакарыўся без бою. Усё ж такі адпаведна дагавору аб "вечным міры" 1494 Мезецкае княства засталося ў сумесным уладанні паміж князямі прыхільнікамі літоўскага і маскоўскага бакоў. З пачаткам новай літоўска-маскоўскай вайны (1500-1503) апошнія мезецкія князі перайшлі на маскоўскую службу, а сам г. Мезецк з 1504 па духоўнай грамаце Івана III быў далучаны да ўладанняў яго трэцяга сына Дзмітрыя. Мезецкія князі атрымалі кампенсацыю ў іншых раёнах Маскоўскай дзяржавы.

Літ.: Kuczyński S. M. Ziemie czernihowsko-siewierskie pod rządami Litwy. // Prace Ukraińskiego institutu naukowego. Warszawa, 1936. T. 33; Базилевич К.В. Внешняя политика Русского централизованного государства. Вторая половина XV в. М., 1952; Кром М.М. Меж Русью и Литвой. Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV - первой трети XVI в. М., 1995; Шеков А.В. Верховские княжества (Краткий очерк политической истории. XIII - середина XVI вв.). Тула, 1993.

Віктар Цемушаў

 

Мезецкія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т.2: Кадэцкі корпус–Яцкевіч. – Мн.: БелЭн., 2006. – С. 332-333.

Мезецкія, княжацкі род. Паходзілі ад чарнігаўскіх князёў, уладальнікаў Тарускага княства. Род пачаў сваё існаванне ў канцы XIV - пачатку XV ст., калі некаторыя тарускія князі, якія не пажадалі застацца на маскоўскай службе, ад'ехалі да Вітаўта і атрымалі ад яго значныя ўладанні з цэнтрам у г. Мезецку. Ад апошняга і паходзіць назва княжацкага роду. Першымі мезецкімі князямі былі Андрэй Усеваладавіч Шуціха і ягоны брат Дзмітрый Усеваладавіч (згадваюцца ў 1422-1424) - сыны тарускага князя Усевалада Юр'евіча Арэхвы. Абодва князя знаходзіліся на службе ў Вітаўта і падпарадкоўваліся адоеўскаму князю Юрыю Раманавічу. Дзмітрый Мезецкі памёр без нашчадкаў, а яго ўладанні (частка Мезецка, Колкавічы) былі перададзены пляменнікам. Спадкаемцамі князя Андрэя былі яго тры сына Фёдар, Раман і Іван, якім Казімір Ягайлавіч недзе ў 40-я XV ст. пацвердзіў права на ўладанне Мезецкам з валасцямі. На працягу XV ст. род Мезецкіх князёў моцна разросся, паміж яго прадстаўнікамі пачаліся спрэчкі, якія выкарысталі ў сваіх інтарэсах улады суседняга Вялікага княства Маскоўскага. У барацьбе за першынства ў сваіх уладаннях Мезецкія князі падзяліліся на прыхільнікаў Вільні або Масквы. Палітычныя абставіны ў рэшце рэшт вымушалі ўсіх мезецкіх князёў або перайсці на маскоўскую службу, або трапіць у няволю. Першым на маскоўскую службу ў жніўні-кастрычніку 1492 перайшоў князь Міхаіл Раманавіч Мезецкі. Ён захапіў няволяй разам з сабой двух сваякоў (брата Сямёна і стрыечнага брата Пятра Фёдаравіча) і ў выніку атрымаў у вотчыну значную частку мезецкіх уладанняў. Аднак пазней яго ўладанні былі абменены на с. Алексін у Старадубскім уездзе [павеце]. Міхаіл Раманавіч загінуў разам з сынам Андрэем у 1552 пад Казанню. Вывезены ў Маскву мезецкі князь Сямён Раманавіч пагадзіўся служыць Івану III. Ён выконваў розныя даручэнні маскоўскага вялікага князя, ваяваў у 1501 воласці ВКЛ, выстаўляўся на р. Угру ў 1512 і 1513 для прыкрыцця асноўных маскоўскіх ваенных дзеянняў супраць Смаленска. Таксама ў 1494 на баку Масквы апынуліся мезецкія князі Васіль і Фёдар Іванавічы Гаўдырэўскія. У той жа час засталіся служыць Аляксандру Казіміравічу мезецкія князі Фёдар Сухі і Васіль Кукубяка Фёдаравічы. Пазней да іх далучыўся выпушчаны з палону князь Пётр Фёдаравіч. Гэтыя князі да 1500 заставаліся вернымі вялікаму князю літоўскаму, а пасля таксама перайшлі на маскоўскі бок. На маскоўскай службе мезецкія князі не дасягнулі значных поспехаў. Яны лічыліся дваровымі дзецьмі баярскімі па Мажайску, выконвалі абавязкі ваявод, намеснікаў, стольнікаў і інш. У сярэдзіне XVII ст. род згубіўся. Ад Мезецкіх князёў вядуць паходжанне князі Баратынскія і Гаўдырэўскія.

Літ.: Долгоруков П.В. Родословная Российская книга. Т. 4. СПб., 1854; Кром М.М. Меж Русью и Литвой. Западнорусские земли в системе русско-литовских отношений конца XV - первой трети XVI в. М., 1995; Шеков А.В. Верховские княжества (Краткий очерк политической истории. XIII - середина XVI вв.). Тула, 1993.

Віктар Цемушаў

Страницы: 1 · 2 · 3 · 4 · 5 · 6 · 7 · 8 · 9



Сайт Виктора Темушева.

Поиск

Облако тегов

беларусь велиж «великое княжество московское» «великое княжество тверское» «верхнеокские княжества» «верховские княжества» витовт вкл воротынск «восточная европа» «вяземские князья» «вяземское княжество» «вялікі гістарычны атлас беларусі» граница границы «грюнвальдская битва» дмитровец «древняя русь» «историческая география» карты «киевская земля» «кричевский повет» «куликовская битва» «литовско-московская граница» «литовско-тверская граница» любутск метельский «московско-литовская война» «московско-литовская граница» «московско-литовские войны» «московское княжество» «нойбургские владения» ольгерд опаков «первая мировая война» «пограничная война» «полоцкое воеводство» «полоцкое княжество» поугорье «речь посполитая» «ржевская земля» «рославльский уезд» россия русь «северо-восточная русь» «северская земля» славяне спиридонов «средние века» ягайло